Фото: пресс-служба Лукашенко
Расійскі мільярдэр Уладзімір Патанін прыехаў у Мінск па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Сёння яны сустрэліся ў Палацы Незалежнасці. Бізнесмен гатовы ўнесці ўклад у развіццё Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, якую спрабуе стварыць Лукашэнка.
“Я даўно не быў у Беларусі. Па запрашэнні Аляксандра Рыгоравіча прыехаў. Усё, што мы тут будзем рабіць, трэба асэнсаваць. Мы не плануем дзейнічаць залішне хутка і шапказакідальніцкі. Мы павінны ўнікнуць у абстаноўку, у сітуацыю і зразумець, які рэальны вынік мы маглі б даць для беларускай эканомікі, не забываючы пра сваю, расійскую. Гэта ўсё патроху прыйдзе па меры збліжэння з беларускімі калегамі”, – сказаў ён пасля сустрэчы, перадае БелТА.
Патанін адзначыў, што ў Беларусі ёсць моцная тэхнічная школа.
“У Беларусі моцная тэхнічная школа, важна яе захоўваць і ўзмацняць. Яна цікавая мне як патэнцыйнаму працадаўцу і чалавеку, які шмат займаецца адукацыяй.
Я прапанаваў, Аляксандр Рыгоравіч падтрымаў узаемны абмен адукацыйнымі праграмамі. Мы зможам распаўсюдзіць той досвед, які ў нас ёсць у Расіі ў галіне адукацыі, стыпендыяльных, грантавых праграм, на беларускія ВНУ. Ёсць добрая акадэмічная база і прадпрыемствы, якія маглі б служыць палігонам для таго, каб не толькі тэхніку і навінкі выпрабоўваць, але і людзей, каб яны прывыкалі да рэальнай рабочай абстаноўкі”, – адзначыў ён.
Паводле слоў Патаніна, ён гатовы ўнесці ўклад і ў Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій.
“Зможам сякія-такія кампетэнцыі туды прынесці і ўзбагаціць тыя напрамкі, якія там плануецца развіваць, у прыватнасці ў IT-тэхналогіях, ШІ, біятэхнічных напрамках”, – сказаў ён.
Адказваючы на пытанне дзяржСМІ, Патанін таксама падвёў “тэарэтычную” аснову пад свой візіт.
“Гэта негатыўная тэндэнцыя. Цяпер яна абвостраная з-за санкцыйнага ціску. З-за таго, што ўвогуле цяпер ідзе перадзел свету ў геапалітычным плане. Такія перыяды бываюць. Яны праходзяць, і супрацоўніцтва, кааперацыя аднаўляюцца.
Пытанне ў тым, з якімі пазіцыямі мы падыдзем да таго моманту, калі трэба будзе выбудоўваць нейкую новую сістэму ўзаемаадносін. Калі падысці з пустымі рукамі да гэтага моманту, то, адпаведна, і пазіцыі будуць слабаватыя.
Мы з калегамі з бізнесу пра гэта гаворым, і, вядома, сёння пра гэта ішла размова з Аляксандрам Рыгоравічам. Пра тое, што трэба аб’ядноўваць намаганні там, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі, нейкія канкурэнтныя перавагі, іх трэба захоўваць. Трэба спрабаваць сумеснымі намаганнямі захоўваць пазіцыі на рынках, з якіх нас (як Расію, так і Беларусь), спрабуюць выцесніць, выходзіць на новыя рынкі і быць, кажучы спартыўнай мовай, у добрай форме для таго, каб, калі прагучыць свісток і будзе абвешчаны новы раўнд спаборніцтваў, выступіць у іх годна”, – сказаў ён.
7 верасня Патанін у якасці прэзідэнта “Нарнікеля” падпісаў пагадненне аб стварэнні СП з БелАЗам, якое будзе займацца падземнай горнай тэхнікай. Беларускі холдынг ужо паставіў расійскай кампаніі шахтавыя самазвалы і іншыя машыны.