Фота: @tanikaitravy.
У выдавецтве «Пфляўмбаўм» адкрыўся папярэдні заказ на новую кнігу гомельскай пісьменніцы, срэбнай лаўрэаткі Прэміі Гедройця 2025 года Югасі Каляды. У сваім новым творы пад назвай «Вандроўка ліфтам» аўтарка бестселера «Перамена месцаў» зноў працуе з падменай жанраў. Калі ва ўганараваным папярэднім рамане камедыя інтрыгі ператваралася ў палітычную драму, то ў «Вандроўцы ліфтам» чытача чакае новы ход: фантастыка абярнецца псіхалагічным раманам пра віну і страчаныя мажлівасці.
Дзеянне ў кнізе адбываецца адначасова ў Мінску дзевяностых, нулявых, у дваццатым годзе — і ў тым дзіўным месцы, дзе ўжо няма ніякага часу.
«А што, калі месцы, якія мы пакінулі, не зьнікаюць, а завісаюць дзесьці ў малочным тумане мінулага? Што, калі ўсё яшчэ можна ўвайсьці ў свой дзіцячы пакой у бацькоўскай кватэры? Высунуць шуфлядку з унівэрсітэцкімі канспэктамі? Паглядзець гісторыю званкоў у мабільніку дваццацігадовай даўніны? Пасядзець на вэрандзе дома, які згінуў у пажары? А раптам можна нават даслаць ліст з таго сьвету на гэты — і атрымаць адказ?”, — адзначаецца ў анатацыі выдавецтва.
«Вандроўка ліфтам» пачынаецца як спекулятыўная фантастыка пра будову таго свету — з ліфтамі, таймлайнамі жыцця, белым туманам і бюракратыяй, — але паступова ператвараецца ў псіхалагічны раман пра віну, згубленае каханне, страчанае сяброўства, ідыёцкія памылкі маладосці, балючыя стасункі бацькоў і дзяцей. І раптам выводзіць туды, дзе асабістае жыццё аднаго чалавека злучаецца з пераломнымі падзеямі ў лёсе ўсёй Беларусі.
Каментуючы выхад кнігі, Югася Каляда адзначыла, што не з’яўляецца першай аўтаркай у беларускай літаратуры, якая піша, у тым ліку, пра прастору бясчасся, прастору пасля смерці. Яна ўзгадала раман Таццяны Заміроўскай «Смерти.нет», аповесць «Ладдзя роспачы» Уладзіміра Караткевіча.
«Беларускі пісьменнік, як мы ведаем, павінен пісаць на дзве тэмы: пра вайну і пра вёску. Дык вось, канон мае быць пашыраны. У каноне насамрэч тры тэмы: пра вайну, пра вёску і пра паслясмерце. І даў пачатак гэтаму канону, як мінімум, Караткевіч з ягонай “Ладдзёй роспачы”», — разважае пісьменніца.
Папярэдні заказ «Вандроўкі ліфтам» дзейнічае да 8 кастрычніка.
Афіцыйны старт продажаў і рассылка — з 15 кастрычніка.
Югася Каляда (Яўгенія Парашчанка) — беларуская пісьменніца, паэтка, праваабаронца. Нарадзілася ў Гомелі. Навучалася на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Менск). У 2006 годзе вучылася на юрыдычным факультеце менскага Інстытуту парламентарызму і прадпрымальніцтва.
У 2004 годзе стала адной з пераможцаў конкурсу маладых літаратараў імя Пэтраркі. У 2005 годзе выйшла першая кніжка прозы Каляды «Галоўная памылка Афанасія», якую філосаф Ігар Бабкоў назваў «самым скандальным і кантравэрсійным літаратурным дэбютам дзесяцігодзьдзя». Другі раман аўтаркі «Перамена месцаў», выдадзены ў 2024 годзе, атрымаў другое месца на Прэміі Гедройця-2025. Жыве ў эміграцыі ў Вільні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram