Пасля апошняга буйнога памілавання палітвязняў 19 сакавіка 2026 года статус палітвязняў атрымалі яшчэ 224 чалавекі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У сакавіку ў выніку перамоў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з беларускімі ўладамі на волю выйшлі 250 палітвязняў. Пасля іх вызвалення палітвязнямі былі прызнаныя 224 чалавекі, а яшчэ 138 чалавек атрымалі гэты статус постфактум — на момант прызнання яны ўжо выйшлі на волю.
Такім чынам, пасля вызвалення 250 палітвязняў 19 сакавіка праваабаронцы зафіксавалі і прызналі палітычна матываваным зняволенне яшчэ 362 чалавек.
Нагадаем, чарговыя перамовы Коўла і Лукашэнкі прайшлі сёння. Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма палітвязняў, а таксама паспрабаваў пераканаць Коўла ў адсутнасці неабходнасці новых пасадак.
«Нашы беглыя раскручваюць тэму на Захадзе і вас, адчуваю, паводле маіх звестак, пераканалі ў тым, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ў два разы больш затрымліваем людзей. Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда», — заявіў ён.