Таллинн. Фото: Jan Ledermann, unsplash.com
Законапраект, які прапануе абмежаваць куплю нерухомасці для грамадзян Беларусі і Расіі, паступіў у эстонскі парламент. Першае чытанне запланавана на 14 кастрычніка, піша ERR.
Раней законапраект ухваліў урад Эстоніі. Дакумент дае ўраду права вызначаць краіны, грамадзянам і кампаніям якіх валоданне нерухомасцю можа пагражаць бяспецы або грамадскаму парадку Эстоніі. Першапачаткова такімі краінамі плануецца назваць Расію і Беларусь.
Законапраект дазволіць забараніць грамадзянам Расіі і Беларусі, якія не маюць у Эстоніі пастаяннага дазволу на жыхарства, а таксама кампаніям гэтых краін і падкантрольным ім юрыдычным асобам набываць нерухомасць на тэрыторыі ўсёй краіны.
Закон не будзе мець зваротнай сілы і не закране ўжо наяўную маёмасць. Абмежаванне таксама не закране грамадзян Расіі і Беларусі, якія маюць у Эстоніі пастаянны дазвол на жыхарства або права на пастаяннае пражыванне. Арэнда нерухомасці застанецца дазволенай.
«Нерухомасць не павінна быць каналам, праз які наносіцца шкода інтарэсам бяспекі Эстоніі. Законапраект паляпшае магчымасці дзяржавы прадухіляць такія рызыкі і дапамагае пазбягаць сітуацый, у якіх дзейныя абмежаванні спрабуюць абысці праз кампаніі», — заявіў старшыня парламенцкай камісіі па сельскіх раёнах Урмас Круузе.