Парфумерыя, алкаголь, музычныя інструменты – расійскі прадпрымальнік незаконна ўвёз у Беларусь тавары на паўмільёна рублёў

Брэсцкія мытнікі канфіскавалі партыю замежных тавараў коштам каля 500 тысяч рублёў, якую расійскі прадпрымальнік незаконна ўвёз у Беларусь праз Польшчу.

Як паведамілі ў Дзяржаўнай мытнай службе, грузавы IVECO спынілі на трасе М1 падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў. Згодна з суправаджальнымі дакументамі, у фургоне перавозілі аўтазапчасткі. Аднак пры праверцы мытнікі выявілі таксама каля 3,8 тысячы адзінак іншых тавараў, уключаючы музычныя інструменты, парфумерыю, корм для жывёл і алкаголь прэміяльных марак без беларускіх акцызных марак

Як устанавілі мытнікі, камерцыйную партыю ўвезлі на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза пад выглядам тавараў для асабістага карыстання. Паводле інфармацыі ДМК, каб ухіліцца ад выплаты мытных плацяжоў, груз драбілі на часткі і на тэрыторыі Польшчы раздавалі для перамяшчэння праз мяжу розным фізічным асобам.

Агульны кошт канфіскаваных тавараў склаў каля 500 тысяч беларускіх рублёў. Груз канфіскаваны да рашэння суда.

Па факце выяўленых парушэнняў пачаты адміністрацыйныя працэсы па частцы 2 артыкула 15.1, артыкуле 13.12 і частцы 2 артыкула 13.18 КаАП Беларусі.