Папа Рымскі назваў гуманітарную місію ў Алешках крокам да міру

Папа Рымскі Леў XIV выказаў надзею, што супрацоўніцтва бакоў, дзякуючы якому ўдалося правесці гуманітарную аперацыю па аказанні дапамогі жыхарам акупаваных Расіяй Алешак Херсонскай вобласці, будзе спрыяць дыялогу і новым крокам на шляху да міру.

Пра гэта пантыфік заявіў 1 лістапада пасля малітвы «Анёл Панскі», звяртаючыся да вернікаў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, піша Vatican news.

«Выказваю надзею, што супрацоўніцтва паміж бакамі, якое зрабіла магчымым гэты неабходны акт гуманнасці, умацуе імкненне да дыялогу і прывядзе да новых канкрэтных крокаў на шляху да міру. Даверым Марыі, Каралеве міру, і святым усіх, хто ў розных кутках зямлі пакутуе ад войнаў», – сказаў Леў XIV.

Нагадаем, 27 кастрычніка ў раёне Алешак увялі рэжым спынення агню для правядзення гуманітарнай місіі, якая прадугледжвала аказанне дапамогі грамадзянскім і эвакуацыю жыхароў. Рэжым цішыні дзейнічаў да 22:59 1 лістапада. Паведамлялася, што з Алешак эвакуявалі больш за 750 чалавек. Частка жыхароў адправілася ў Расію, іншыя – праз Беларусь ва Украіну.