Памёр былы кіраўнік КДК Аляксандр Якабсон

На 76-м годзе жыцця памёр Аляксандр Якабсон, былы старшыня Гомельскага аблвыканкама і экс-кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Якабсон нарадзіўся ў 1951 годзе. У 2001–2010 гадах быў старшынёй Гомельскага аблвыканкама, з 2010 па 2014 год узначальваў КДК. У 2014–2017 гадах быў памочнікам Лукашэнкі — галоўным інспектарам па Мінску.

Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім Якабсона.

«Будаўнік па адукацыі і па прызванні, ён прайшоў суровую школу жыцця, атрымаўшы сталёвую савецкую загартоўку. Заўсёды быў патрабавальным і пісьменным кіраўніком, фундаментальна выбудоўваў вытворчыя і кіраўніцкія працэсы, абапіраючыся ў сваёй працы на закон, справядлівасць і дысцыпліну. Яго ўклад у станаўленне суверэннай Беларусі, забеспячэнне яе нацыянальнай бяспекі немагчыма пераацаніць», — гаворыцца ў спачуванні.