У гарадскім пасёлку Азарычы Гомельскай вобласці заўважылі турыстычны ўказальнік з надпісам «Памятнік жэртвам фашызму». Фота апублікаваў у Threads карыстальнік ruslan.czyk, спытаўшы ў чытачэй: «Ці ёсць тут памылка?».
Відаць, гаворка пра мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці, які знаходзіцца ў ваколіцах пасёлка. Але надпіс не адпавядае нормам ніводнай з дзяржаўных моў: па-беларуску правільна «Помнік ахвярам фашызму», па-руску — «Памятник жертвам фашизма». На знаку ж рускія словы проста запісаныя беларускімі літарамі.
Допіс ужо сабраў 450 лайкаў і больш за 300 каментароў — беларусы крынжуюць і спадзяюцца, што выява згенераваная. «Памятнік жэртвам русіфікацыі», — напісала irynamaskalchuk.
У каментарах узгадвалі і падобныя выпадкі: шыльда «Камеры аховы» замест «Камеры захоўвання» з «Еўраопта» і аўтобуснае табло «З днем Пабеды!» у Мінску — здымку, як сцвярджаецца, каля 15 гадоў.