Паміж казкай IKEA і хорарам фон Трыера: выйшаў фінал «Пукста на Поўначы»

У апошняй серыі Сяргей Пукст разбіраецца, што хаваецца за прыгожай карцінкай скандынаўскага дабрабыту. На YouTube-канале «Саша, што ты нясеш?!» выйшла пятая, фінальная серыя дакументальнага праекта Reform.news «Пукст на Поўначы».

У 1990-я Паўночная Еўропа здавалася Пуксту амаль ідэальным светам. Музыка ABBA, A-ha і The Cardigans, дацкія домікі, шведская сацыяльная мадэль і ўтульны хюге абяцалі бяспеку і гармонію на фоне хаосу постсавецкага жыцця. Але паступова за карамельнай карцінкай праявілася іншая Скандынавія – з унутранымі дэманамі Інгмара Бергмана, змрочнымі правакацыямі Ларса фон Трыера, трывожнымі тэкстамі любімых песень і вельмі своеасаблівым гумарам.

Пукст успамінае шведскага пасла Стэфана Эрыксана, «плюшавы дэсант», сустрэчы ў Фінляндыі і культурныя сутыкненні, якія разбуралі яго ўяўленні пра Поўнач. У выніку замест бездакорнай казкі застаецца больш складаная рэальнасць – прамата, павага да асабістых межаў і клопат, выказаны не прыгожымі словамі, а канкрэтнымі ўчынкамі.

Усе пяць эпізодаў праекта даступныя на YouTube-канале «Саша, што ты нясеш?!».

Аўтар сцэнарыя, апавядальнік і музыкант – Сяргей Пукст. Рэжысёр праекта – Арцём Лобач.

Праект створаны Reform.news пры падтрымцы Nordic Council of Ministers.