Фото: Офис Тихановской
Пакуль рэжым змагаецца супраць беларускага грамадства і культуры, задача дэмакратычных сіл – усё гэта захаваць. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская, выступаючы на мерапрыемстве БДІПЧ АБСЕ, прысвечаным захаванню нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці ва ўмовах аўтарытарызму і ролі моладзі ў беларусізацыі.
«Расія сістэматычна праводзіць палітыку русіфікацыі, асіміляцыі і знішчэння ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага. З дапамогай Лукашэнкі яны спрабуюць ператварыць беларусаў у паслухмяных, лаяльных людзей, а ўрэшце — у расіян.
Але я ганаруся, калі бачу, як маладыя людзі ў Беларусі запісваюць TikTok-відэа па-беларуску, ствараюць відэа для YouTube, адкрываюць для сябе беларускую мову і культуру. Гэта дае мне вялікую надзею. Я глыбока перакананая: пакуль рэжым змагаецца супраць беларускага грамадства і культуры, задача дэмакратычных сілаў — усё гэта захаваць», – сказала яна.
Мерапрыемства было арганізавана трыма дзясяткамі краін АБСЕ, якія ўваходзяць у групу сяброў дэмакратычнай Беларусі. Акрамя Ціханоўскай у дыскусіі бралі ўдзел нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі, кіраўніца моладзевай рады “РАДА” Аляксандра Дойніч, дацэнт ЕГУ Сцяпан Стурэйка. Дыскусію вёў новы спецпасланнік Францыі па Беларусі Мішэль Ру.
Святлана Ціханоўская ў сваім выступленні таксама расказала пра ціск на беларускую культуру і гістарычную памяць. Яна адзначыла, што беларускія ўлады сістэмна абмяжоўваюць нацыянальную культуру і выкарыстоўваюць адукацыю як інструмент ідэалагічнага кантролю.
Ціханоўская звярнула ўвагу на ўзмацненне расійскага ўплыву праз прапаганду, адукацыйныя праграмы. Яна падкрэсліла, што рэкамендацыі па захаванні беларускай мовы і культуры, выкладзеныя ў дакладзе Маскоўскага механізма АБСЕ ў 2023 годзе, дагэтуль не выкананыя.
Яна адзначыла ролю незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і культурных ініцыятыў у захаванні беларускай культуры і адукацыі за мяжой.