Фото: t.me/brsu_pushkina
У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна правялі выязное судовае пасяджэнне па крымінальнай справе аб абразе Аляксандра Лукашэнкі. На паведамленне ў тэлеграм-канале звярнула ўвагу «Берасцейская Вясна».
Абвінавачанага прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».
Судовае пасяджэнне адбылося 13 кастрычніка ў сценах універсітэта. Справу разглядаў суд Маскоўскага раёна Брэста паводле часткі 1 артыкула 368 КК. Асоба абвінавачанага не раскрываецца. У паведамленні ўніверсітэта ён пазначаны толькі літарай «К.». Падрабязнасці крымінальнай справы таксама не прыводзяцца.
Паводле інфармацыі БрДУ, абвінавачаны цалкам прызнаў віну. Суд улічыў “змякчальныя абставіны” і прызначыў яму 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд на момант публікацыі паведамлення не набыў законнай сілы і мог быць абскарджаны.
Як адзначае «Берасцейская Вясна», мяркуючы па апублікаваных універсітэтам фотаздымках, пасяджэнне праводзіла суддзя Марыя Аліферук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Алег Герасімовіч.
Пасля судовага працэсу апошні выступіў перад студэнтамі юрыдычнага факультэта і расказаў аб адказнасці за правапарушэнні «экстрэмісцкай накіраванасці».
«Будзьце пільнымі, не паддавайцеся на дэструктыўныя заклікі, самастойна і ўзважана абдумвайце інфармацыю, атрыманую з розных крыніц», – звярнуўся ён да студэнтаў.
“Падчас выступлення з аўдыторыі паступілі пытанні”, – дадалі ў навучальнай установе.
Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ў Беларусі для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.