Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева атрымала прэстыжную нямецкую літаратурную прэмію Hilde-Domin-Preis

Прэмія Гільдэ Домін у галіне літаратуры ў выгнанні 2026 года горада Гайдэльберг сёлета прысуджана беларускай аўтарцы Юлі Цімафеевай.

Прэмія, названая ў гонар вядомай паэткі Гільдэ Домін (1909-2006), уручаецца раз на тры гады аўтару або аўтарцы, якія жывуць у выгнанні ў Германіі, працуюць з тэмай экзылю і публікуюцца на нямецкай мове.

Уручэнне прэміі адбудзецца 20 кастрычніка ў Гайдэльбергу.

“Кровазварот” Юліі Цімафеевай, выдадзены на нямецкай мове. Фота: facebook/alhierd.bacharevic

У афіцыйнай фармулёўцы журы адзначае кнігу Юлі Цімафеевай «Кровазварот», а таксама глыбокае пераасэнсаванне трагічнай гісторыі сям’і: «У сваёй творчасці, асабліва ў паэтычным цыкле «Кровазварот» (Edition Fototapeta, 2025), беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева выкарыстоўвае ўласны досвед выгнання як адпраўную кропку для разважанняў у тонка сплеценых вобразах пра перажыванні і ўспаміны пра дом, уцёкі, выгнанне і «прыбыццё».

Робячы гэта, яна вяртаецца да гісторыі крывавага ХХ стагоддзя — да Чарнобыля, а таксама да нацысцкіх лагераў прымусовай працы, праз якую прайшлі члены яе сям’і. Яе разважанні, што ўвесь час абнаўляюцца, прасякнутыя лірычнай мовай, якая ставіць пад сумнеў як саму сябе, так і звыклыя ўяўленні пра Еўропу: «Каму належыць памяць? Як можна выказаць міжпакаленчы досвед выгнання? Што спараджае надзею?».

«Кровазварот» выйшаў па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2025 годзе, а напрыканцы мінулага году з’явіўся ў нямецкім перакладзе Ціны Вюншман у берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!