Церемония награждения идеологического и общественного актива по итогам организации идеологической работы, реализации молодежной политики в 2025 году в Минске. Иллюстративное фото: Ирина Малиновская, minsknews.by
Беларускі маніторынгавы цэнтр BELPOL прааналізаваў дакументы, якія рэгулююць штогадовы гарадскі конкурс на найлепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў арганізацыях Мінска. Як сцвярджае BELPOL, у конкурсе выкарыстоўваюцца канкрэтныя паказчыкі — падпіска на дзяржаўную прэсу, афармленне стэндаў, удзел у добраахвотных дружынах і супрацоўніцтва з царквой, — паводле якіх можна параўноўваць работу арганізацый.
Конкурс праходзіць у два этапы. Раённы завяршаецца да 1 верасня, гарадскі праводзіцца з 15 верасня па 30 кастрычніка. У ацэначныя камісіі ўваходзяць чыноўнікі, дэпутаты і прадстаўнікі праўладных прафсаюзаў.
Згодна з прааналізаванымі дакументамі, асобныя віды работы ацэньваюцца ў балах. Максімальная з прыведзеных ацэнак, 6 балаў, прадугледжаная за «ідэалагічнае суправаджэнне працоўнага спаборніцтва» і «развіццё настаўніцтва».
Яшчэ 3 балы можна атрымаць за вынікі падпісной кампаніі на дзяржаўныя друкаваныя СМІ. У 4 балы ацэньваюцца наяўнасць музея гісторыі арганізацыі і актуальнае афармленне стэндаў з дзяржаўнай сімволікай. Наяўнасць тэрытарыяльнай добраахвотнай дружыны прыносіць 3 балы, супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой — 2 балы.
Асобная намінацыя прадугледжаная для арганізацый IT-сферы. У ёй, у прыватнасці, улічваецца вядзенне наменклатуры спраў, якое ацэньваецца ў 3 балы, а таксама ўдзел у агульнагарадскіх інфармацыйных мерапрыемствах.