Падлетка з Гродна падазраюць у распрацоўцы траяна для крадзяжу грошай з банкаўскіх рахункаў

У Беларусі затрымалі 17-гадовага жыхара Гродна, якога падазраюць у распрацоўцы шкоднаснай праграмы для Android. Паводле версіі МУС, траян выкарыстоўвалі для крадзяжу грошай з банкаўскіх рахункаў грамадзян. Устаноўлена больш за 120 пацярпелых, агульная шкода склала каля 150 тысяч рублёў у эквіваленце.

Падлетка выявілі супрацоўнікі падраздзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Брэсцкай вобласці сумесна са следчымі. У ведамстве заявілі, што па замове знаёмага малады чалавек стварыў траян Mamont. Шкоднасную праграму распаўсюджвалі праз Telegram пад выглядам файлаў з назвамі «ты на фота», «відэа ДТЗ» і іншымі прынадамі, якія падахвочвалі карыстальнікаў адкрыць укладанне.

Праграма дазваляла абыходзіць механізмы абароны смартфонаў, выкрадаць SMS-паведамленні, збіраць звесткі пра ўсталяваныя праграмы і перадаваць інфармацыю на аддаленыя серверы. Гэтыя даныя выкарыстоўвалі для крадзяжу грошай з банкаўскіх рахункаў.

Следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле аб распрацоўцы, выкарыстанні, распаўсюджванні або збыце шкоднасных камп’ютарных праграм.