19 траўня у Беластоку ў межах 40-х Дзён сучаснага мастацтва адбудзецца drag stand-up перформанс Ігара Шугалеева «Will U Marry Me?»
Ідэя перформансу нарадзілася з жарту, які часта ходзіць сярод сяброў-мігрантаў: стомленыя цяжкасцямі легалізацыі знаходжання ў ЕС, яны кажуць, што прасцей было б ажаніцца з кімсьці, чым бясконца змагацца з міграцыйнай бюракратыяй.
Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку з’яўляецца партнёрам сёлетняга фестывалю, які пройдзе пад лозунгам «радыкальная эмпатыя». Намесніца дыржэктара Цэнтра Ілона Карпюк расказала, што ў сваім перформансе Шугалееў выступае як мігрант, як акцёр, які пераехаў са сваёй роднай краіны на чужую зямлю і спрабуе тут знайсці сваё месца, адпаведнае магчымасцям, патрабаванням, талентам: «Гэта перформанс, які балансуе паміж асабістымі тэмамі, асабістымі пачуццямі і перажываннямі, але таксама закранае палітычныя тэмы, бо ў сітуацыі пераезду ва Украіну і неабходнасці ўпісацца ў новыя нормы, правілы і законы, з гэтым даводзіцца змагацца».
Праз асабісты досвед і сацыяльную крытыку праект закранае тэмы квір-міграцыі і прававых абмежаванняў, паказваючы жорсткія, абсурдныя і часта трагічныя рэаліі іміграцыйнага працэсу.
Праект таксама з’яўляецца спробай паразважаць пра каханне, секс, адносіны, Grindr, гоманарматыўнасць, дэпрывацыю і прывілеі квір-ідэнтычнасці.
Канцэпцыя, выкананне, драматургія – Ігар Шугалееў, прадзюсарка – Марына Дашук, відэамастачка – Аляксандра Кананчанка.
Перформанс будзе паказаны два разы ў Клубе Fama (вуліца Legionowa 5, Беласток) у 18.00 і ў 20.00.
Уваход вольны, колькасць месцаў абмежаваная.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram