Фото: sk.gov.by
У Магілёўскай вобласці 18-гадовы кіроўца, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, трапіў у ДТЗ з пяццю непаўналетнімі пасажырамі. Аварыя адбылася раніцай 25 жніўня ў вёсцы Гуслянка, 16-гадовая дзяўчына атрымала цяжкія траўмы.
Малады чалавек сцвярджаў, што на дарогу выбег лось, аднак следства не знайшло пацвярджэння гэтай версіі, паведамілі у СК.
У салоне Peugeot знаходзіліся пяцёра непаўналетніх пасажыраў. На закругленні дарогі машына выехала за межы праезнай часткі, перакулілася і ўрэзалася ў прыдарожнае дрэва. 16-гадовую дзяўчыну, якая сядзела на пярэднім пасажырскім сядзенні, выкінула з аўтамабіля. З цяжкімі траўмамі яе шпіталізавалі.
Першапачаткова кіроўца сцвярджаў, што прычынай аварыі стаў лось, які раптоўна выбег на дарогу. Аднак следчыя апыталі відавочцаў і дадаткова агледзелі месца здарэння. Слядоў жывёлы выяўлена не было.
Экспертыза ўстанавіла, што ў крыві кіроўцы ўтрымлівалася больш за 0,8 праміле алкаголю. Пры гэтым аўтамабіль рухаўся з хуткасцю не менш за 91,3 км/г на ўчастку, дзе дзейнічала абмежаванне 40 км/г. Кіроўца таксама праігнараваў дарожны знак, які папярэджваў аб штучнай няроўнасці.
Акрамя таго, следства ўстанавіла, што ніхто з тых, хто знаходзіўся ў машыне, не быў прышпілены рамянём бяспекі. З-за гэтага пасажыраў выкінула з аўтамабіля.
Дзеянні 18-гадовага кіроўцы кваліфікаваныя па частцы 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса (“Парушэнне ПДР у стане алкагольнага ап’янення, якое па неасцярожнасці пацягнула прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”).
Расследаванне завершана. Абвінавачаны заключаны пад варту.