NYT: Украіна за 50 дзён паразіла 40 расійскіх нафтавых і ваенных аб’ектаў

Украіна значна пашырыла геаграфію і інтэнсіўнасць далёкіх удараў па расійскіх ваенных і прамысловых аб’ектах, імкнучыся пазбавіць Маскву рэсурсаў для працягу вайны. За 50 дзён украінскія сілы нанеслі ўдары па 40 аб’ектах нафтавай прамысловасці і ваенна-прамысловага комплексу Расіі, піша The New York Times.

Кіеў працягвае гэтую кампанію, нягледзячы на крытыку з боку адміністрацыі Дональда Трампа, адзначаецца ў матэрыяле.

«Украіна актывізуе кампанію ўдараў углыб тэрыторыі, якая цяпер ахоплівае больш за 1500 міль і распасціраецца як мінімум праз пяць мораў, імкнучыся разарваць сеткі, якія забяспечваюць ваенную машыну Масквы палівам, зброяй і фінансаваннем. Тым самым Кіеў ператварае велізарныя геаграфічныя маштабы Расіі і яе раскіданыя па ўсім свеце ваенныя і эканамічныя актывы ў яе слабасць», — піша рэсурс.

Украіна таксама пашырае аперацыі супраць расійскіх ваенных аб’ектаў за межамі Расіі. На мінулым тыдні ўкраінскія беспілотнікі атакавалі расійскае ваенна-транспартнае судна Sparta II у Фінскім заліве. Акрамя таго, у лівійскім порце Бенгазі быў патоплены расійскі ваенны карабель «Меркурый» і паражанае грузавое судна, якое, паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, перавозіла ўзбраенне.

Зяленскі назваў удары па расійскіх ваенных аб’ектах у любым пункце свету рэалізацыяй суверэннага права Украіны на самаабарону.

Адным з асноўных напрамкаў украінскай кампаніі застаецца расійская нафтавая прамысловасць. Паводле звестак Міжнароднага энергетычнага агенцтва, аб’ём нафтаперапрацоўкі ў Расіі скараціўся прыкладна на 30% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Вытворчасць бензіну знізілася на 20%, дызельнага паліва — амаль на 30%. На гэтым фоне Масква абмежавала экспарт паліва для забеспячэння ўнутранага рынку.

Украіна таксама наносіць удары па прадпрыемствах, звязаных з вытворчасцю ўзбраенняў, і аб’ектах, задзейнічаных у расійскіх ракетных атаках. Акрамя таго, украінскія аперацыі вымушаюць Маскву перакідваць сістэмы супрацьпаветранай абароны з лініі фронту і задзейнічаць дадатковыя ваенна-марскія сілы для абароны суднаў, адзначаюць аўтары.

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў прызнае, што аднымі далёкімі ўдарамі немагчыма выйграць вайну. Аднак, паводле яго слоў, кожнае паражэнне аб’екта азначае неабходнасць рамонту, страту аб’ёмаў вытворчасці, рэарганізацыю лагістыкі і дадатковыя выдаткі для Расіі.

Намеснік міністра абароны ЗША Элбрыдж Колбі заявіў, што далёкія ўдары не спрыяюць завяршэнню вайны. З яго ацэнкай не пагадзіліся міністры абароны Германіі і Вялікабрытаніі Барыс Пісторыус і Уэс Стрытынг. Еўрапейскія краіны больш асцярожна адрэагавалі на ўкраінскія аперацыі ў Балтыйскім і Міжземным морах. Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні пасля атакі ўкраінскіх дронаў на расійскія караблі ў порце Лівіі заявіла, што вайна не павінна распаўсюджвацца на Міжземнае мора. Зяленскі пазней пацвердзіў, што аперацыя была праведзеная без папярэдняга ўзгаднення з еўрапейскімі партнёрамі.

«Пашырэнне зоны дзеяння Кіева абумоўленае хуткім ростам айчыннай абароннай прамысловасці. Гэтыя магчымасці развіліся ад мадэрнізацыі камерцыйных дронаў да стварэння ўдарных сістэм з рэактыўным рухавіком і цяжкіх крылатых ракет, здольных несці карысную нагрузку ў адну тону на адлегласць больш за 1800 міль. Украіна таксама вядзе гонку па вытворчасці ўласных балістычных ракет. У той жа час украінскія інжынеры імкліва ўкараняюць штучны інтэлект ва ўсе віды ўзбраенняў краіны», — піша NYT.

«Рост аб’ёмаў айчыннай вытворчасці суправаджаецца заключэннем пагадненняў аб сумеснай вытворчасці з Германіяй у сферы разведвальных дронаў і з Вялікабрытаніяй — аб стварэнні больш за тысячу ўдарных дронаў далёкага радыуса дзеяння. Гэтыя меры закліканыя забяспечыць захаванне патэнцыялу Украіны ў галіне нанясення ўдараў углыб тэрыторыі незалежна ад палітычных змен у Вашынгтоне», — рэзюмуюць аўтары.