«Няма свайго памяшкання, але ёсць увесь свет». Заснавальніцы легендарных «Падземкі» і галерэі «Ў» пра выставу Luft suchen і жыццё ў Берліне

Незалежная культурніцкая ініцыятыва Ambasada Kultury у берлінскай прасторы Halfsister Berlin у кастрычніку і лістападзе 2026 года зладзіла два выставачныя праекты Luft suchen I & II.

Арт-менеджарка Ліза Мас сустрэлася з сузаснавальніцамі Ambasada Kultury Валянцінай Кісялёвай і Ганнай Чыстасердавай падчас другой выставы і паразмаўляла пра іх супольныя арт-праекты ў Беларусі і эміграцыі. А таксама пра апошнюю выставу Амбасады, на якой Валянціна Кісялёва адказвае за публічную праграму.

Праект Luft suchen аб’ядноўвае беларускіх мастакоў і творцаў з іншых краін і даследуе тэмы памяці, бачання, перадачы досведу, рытуалу, цялеснасці і калектыўнага дзеяння. Слова «люфт» паходзіць ад нямецкага слова «паветра» і ў тэхнічным сэнсе азначае невялікі зазор паміж дэталямі, неабходны для руху механізму. У праекце гэты зазор выступае мэтафарай прасторы для дыхання, рэакцыі і вольнай думкі паміж жорсткімі сацыяльнымі і палітычнымі кантэкстамі.

Фрагмент экспазіцыі выставы Luft suchen. Фота Аляксандра Канончанка

Ад «Падземкі» і галерэі «Ў» да эміграцыі

– Вы працуеце разам ужо 22 гады. Як пачалося вашае партнёрства і што дапамагае яго захоўваць?

Валянціна Кісялёва: Мы самі толькі ў Берліне ўсвядомілі, што працуем разам столькі гадоў. Першы працоўны кантракт мы падпісалі 20 траўня 2004 года – ад гэтай даты і пачалася «Падземка». Мы вельмі розныя: іншыя густы, інтарэсы, кампетэнцыі. Магчыма, таму мы адна адной застаёмся цікавымі і дапаўняем адна адну як пазл.

Ганна Чыстасердава: Мы нядаўна абнаўлялі CV, прыгадвалі ўсе праекты, рэзідэнцыі, партнёрствы і зразумелі, як шмат зроблена за гэтыя гады. Мы заўсёды рухаліся ўслед за патрэбамі супольнасці і выклікамі, на якія не маглі не рэагаваць ні як людзі, ні як інстытуцыя.

– А як вы вырашылі адкрыць «Падземку»?

Валянціна Кісялёва: У мяне тады ўжо быў досвед працы з уласным памяшканнем, і я думала пра новы праект, звязаны з сучасным беларускім дызайнам і мастацтвам. Ганна прыйшла да мяне са сваёй бізнес-ідэяй і спытала пра вольнае памяшканне. У яе нешта не склалася, а я працягвала думаць пра новы праект. І прапанавала паспрабаваць разам. Так усё пачалося – без вялікай стратэгіі і доўгага планавання.

Маёй першапачатковай ідэяй не была галерэя ў звыклым сэнсе: хацелася мець месца з добрымі беларускімі дызайнерскімі рэчамі, сучаснымі аб’ектамі і творамі мастацтва. А ў выніку мы пачалі наш супольны праект.

– Як на вашу працу паўплывалі падзеі 2020 года і пераезд?

Ганна Чыстасердава: У час пандэміі галерэя фактычна стала хабам дапамогі медыцынскім работнікам. Потым адбыліся падзеі 2020 года. Мы яшчэ паспелі зрабіць два праекты, але напрыканцы кастрычніка галерэя была вымушаная спыніць дзейнасць. З Беларусі мы з’ехалі ў 2021-м. Прыкладна са жніўня стала зразумела, што дадому хутка не вернемся. Пачаліся праекты ў Берліне, пасля іх геаграфія значна пашырылася.

Валянціна Кісялёва: Мы шмат у чым рухаліся за жыццёвымі выклікамі: дапамога медыкам, падзеі 2020-га, вайна ва Украіне. Толькі летась удалося спыніцца і правесці стратэгічнае пераасэнсаванне сваёй працы – паглядзець на мэты, на тое, на чым хочам засяродзіцца далей.

Валянціна Кісялёва на выставе Luft suchen. Фота прадастаўлена Амбасадай культуры.

– Што змянілася ў вашай дзейнасці ад часоў «Падземкі» і галерэі «Ў» да Ambasada Kultury?

Валянціна Кісялёва: Гэта наш трэці буйны праект. Але міжнародны кірунак з’явіўся не пасля эміграцыі: яшчэ ў «Падземцы» мы зрабілі вялікую двухэтапную выставу ў талінскім Кунстхале. У галерэі «Ў» былі рэзідэнцыі: мастакі прыязджалі, жылі, працавалі, рабілі выставы. Мы арганізоўвалі Art Platform і іншыя праграмы, якія ўключалі беларускую культуру ў еўрапейскі кантэкст.

Радыкальна змянілася толькі адно: у нас больш няма свайго памяшкання. З 2021 года мы працуем на пляцоўках іншых арганізацый, шукаем партнёраў і ўваходзім у новыя кантэксты. Раней мы гэтага не рабілі ў такой форме. З-за пераездаў у Мінску быў такі жарт: калі даводзілася пакідаць чарговую прастору, мы казалі, што выраслі з гэтых штаноў. Пасля «Падземкі» адкрылася галерэя «Ў», пасля яе першага памяшкання была Кастрычніцкая. А калі давялося пакінуць і яе, я пажартавала: «Значыць, цяпер перад намі адкрываецца ўвесь свет». Гэта дапамагае нам глядзець наперад.

Мяняць прасторы цяжка, але гэта змушае засвойваць штосьці новае. У Мінску мы прызвычаіліся, што галерэя – гэта свой адрас, свая аўдыторыя. Цяпер мы ўваходзім у прастору іншага партнёра і мусім разумець, чым яна жыве, хто туды прыходзіць, як можна стварыць сумесную падзею. Гэта не азначае адмовы ад ранейшых задач, хутчэй іншы спосаб іх выконваць.

Ганна Чыстасердава на выставе Luft suchen. Фота прадастаўлена Амбасадай культуры.

– Што найскладанейшае ў працы без сваёй галерэі?

Ганна Чыстасердава: Мы страцілі не толькі памяшканне, але і нашу аўдыторыю. У Мінску было ўстойлівае кола людзей, многіх мы ведалі асабіста. Тут трэба было нанова ўсталёўваць кантакты, шукаць мову камунікацыі і знаёміць людзей з беларускім мастацтвам. Але з’явіліся і новыя магчымасці: напрыклад, antiwarcoalition.art за адзін год арганізавала выставачныя падзеі і публічныя праграмы ў кантэксце documenta 15, Manifesta 14 і 59-й Венецыянскай біенале. Не факт, што застаючыся ў Беларусі, мы маглі б так шырока паказаць гэты праект.

Праца на чужых пляцоўках дазваляе сустракацца з рознымі супольнасцямі: у кожнай інстытуцыі сваё асяроддзе. У гэтым намадным фармаце ёсць перавагі. Але за пяць гадоў мы ад яго крыху стаміліся. Нам хочацца свой домік. Калегі часта кажуць, што мы ўмеем ствараць атмасферу, дзе камфортна розным людзям, дзе ёсць размовы, веды, уражанні і знаёмствы. Нам не хапае магчымасці рабіць гэта пастаянна.

Мы часам самі разважаем, ці з’яўляецца намадны характар працы недахопам. Калі мы працавалі ў галерэі, супольнасць фармавалася вакол аднаго месца. Цяпер мы атрымліваем доступ да некалькіх супольнасцяў, якія ўжо існуюць у іншых інстытуцыях. Вось гэтае перасячэнне розных асяроддзяў, магчыма, і ёсць адным з важных вынікаў апошніх гадоў. Але патрэба ў сваёй прасторы ўсё адно застаецца, таму што мы ведаем, якую атмасферу можам у ёй стварыць.

Фрагмент экспазіцыі выставы Luft suchen. Фота Аляксандра Канончанка

Берлін

– Вы ўжо пяць гадоў у Берліне. Як вы тут апынуліся, і ці стаў гэты горад для вас домам?

Валянціна Кісялёва: У мяне з’явілася адчуванне, што ўвесь свет – мой дом. Пры гэтым Мінск застаўся маім домам, а Берлін стаў яшчэ адным. Я магу прыязджаць у Данію ці Індыю і таксама адчуваць сябе дома. Думаю, гады намаднага жыцця дапамаглі пераасэнсаваць гэтае слова.

Для мяне стала важным не тое, дзе я маю пастаянны адрас, а тое, што адбываецца паміж мной і людзьмі ў тым месцы, куды я прыязджаю. Магчыма, таму ў мяне не знікла адчуванне дому ў Мінску і адначасова з’явілася такое адчуванне ў іншых краінах. Дом – не толькі памяшканне, а месца, дзе ты прысутнічаеш, прыносіш сваю энергію, кантактуеш з людзьмі, адкрываешся ім.

Ганна Чыстасердава: Берлін проста з намі здарыўся. Мы прыехалі на тры месяцы, якія паступова ператварыліся ў больш чым пяць гадоў. Тут было прасцей перажыць першае ўсведамленне таго, што дадому вярнуцца нельга. У горадзе шмат людзей з падобнымі, а часам значна цяжэйшымі гісторыямі. Ты бачыш, як яны працягваюць працаваць, знаходзяць сваё месца і прыўносяць нешта са свайго ранейшага дому ў новы. Мне цікава глядзець на Берлін і праз гісторыі міграцыі стогадовай даўніны – канца 1920-х і пачатку 1930-х. У некаторых рэчах паміж гэтымі эпохамі можна заўважыць паралелі.

Само пытанне дому для мяне застаецца складаным. Мне тут было прасцей прайсці праз першы перыяд, калі ты разумееш, што вярнуцца ў Беларусь нельга. Але тое, што вакол шмат мігрантаў, не значыць, што ты аўтаматычна адчуваеш сябе дома. У XXI стагоддзі хтосьці выбірае новы дом праз працу ці вучобу, а хтосьці апынаецца ў ім праз абставіны.

Я апошнім часам стараюся нават не думаць пра сваю прыналежнасць да нейкага дому: усё настолькі зыбкае і няўстойлівае. Тут кожны дзень можна пайсці на цікавую культурную падзею. Калі гаворка пра некамерцыйнае мастацтва, якое разважае пра грамадства і рэальнасць, гэта адно з найбольш прыдатных месцаў у Еўропе. Тут шмат магчымасцяў для супрацоўніцтва, але ніхто не чакае цябе з гатовай аўдыторыяй.

Мы прыехалі з вялікім досведам, затое без кола людзей, якое было ў Мінску. Трэба знаёміцца, тлумачыць, нанова выбудоўваць сувязі. Таму для нас каштоўныя і вялікія інстытуцыі, і маленькія прасторы: яны дапамагаюць знаёміць супольнасці, якія інакш не сустрэліся б.

Горад у гэтым сэнсе сапраўды дае вялікі выбар. Мы ўвесь час вучымся камунікаваць з новымі людзьмі і зусім не абавязкова толькі з беларускім асяроддзем.

Валянціна Кісялёва: Сам Берлін размывае паняцце дому. Я за гэтыя гады змяніла шэсць ці сем месцаў жыхарства, можа, нават восем. Тут людзі ўвесь час пераязджаюць унутры горада. У першыя гады ў мяне нават з’явілася ідэя перформансу: у адзін дзень увесь Берлін выстройваецца ў ланцугі, людзі перадаюць адно аднаму рэчы і дапамагаюць усім разам пераехаць. Мне здавалася, што гэта быў бы цікавы мастацкі жэст – горад, які дапамагае сам сабе пераязджаць.

Гэтая ідэя ўзнікла з вельмі звычайнай сцэны: кожны дзень нехта нясе скрынкі, мэблю, пакеты, нехта з’язджае і нехта засяляецца. І мне ўяўлялася, што ў адзін дзень усе гэтыя асобныя пераезды маглі б ператварыцца ў супольнае дзеянне. Гэта, вядома, фантазія, але яна шмат кажа пра Берлін і пра маё ўспрыманне гэтага горада пасля пераезду.

Фрагмент экспазіцыі выставы Luft suchen. Фота Аляксандра Канончанка

Ambasada Kultury

– Чым займаецца Ambasada Kultury, акрамя выстаў?

Валянціна Кісялёва: Сама назва «Амбасада культуры» добра акрэслівае місію. Яе, дарэчы, прапанаваў Аляксандр Васілевіч. Мы не разумеем амбасаду як афіцыйнае пасольства. Гэта падтрымка мастакоў і людзей культуры праз рэзідэнцыі, стыпендыі, удзел у праектах, выставы і дыскусіі. Асноўны акцэнт у нас беларускі, але працуем таксама з людзьмі з Украіны, Узбекістана і іншых краін. Немагчыма развівацца, калі выключаць з размовы астатні свет. І само пытанне, хто можа называць сябе беларусам, для мяне не абмяжоўваецца пашпартам ці паходжаннем.

Ганна Чыстасердава: Для нас важна прадстаўляць і абараняць інтарэсы людзей культуры, а таксама захоўваць тое, што апынулася пад пагрозай пасля 2020 года. Мы ведаем, што такое страчаныя архівы. Нашы рэзідэнцыі адбываліся ў Германіі, Польшчы, Літве; выставачныя праекты – і ў вялікіх інстытуцыях накшталт ZKM, і ў невялікіх аўтарскіх прасторах.

– Якія вашы стратэгічныя праекты цяпер? Што для вас значыць Open Muzej?

Валянціна Кісялёва: Ідэя Open Muzej была яшчэ ў Мінску. Мы мелі дамоўленасць з хлебазаводам на Ракаўскай вуліцы наконт цэлага паверха. Рабочая назва была «Куратарскі музей»: з калекцыяй, бібліятэкай, прасторай для даследаванняў, невялікімі паказамі і куратарскімі выставамі на іншых пляцоўках.

Ідэя была ў тым, каб куратарам і куратаркам было з чым працаваць у прамым сэнсе: з рэальнай калекцыяй, творамі, матэрыяламі і архівамі. У музеі можна было б зрабіць невялікі папярэдні паказ, а потым развіваць яго ў вялікую выставу ўжо ў іншых прасторах. Гэта не павінен быў быць музей, які толькі збірае і захоўвае. Нам хацелася, каб ён увесь час уключаў у працу новых людзей і сам ствараў новыя размовы пра мастацтва. Пасля 2020 года ўсё абарвалася, але ідэя засталася.

У першы год у Берліне Ганна Радзяёўская, на той момант кіраўніца берлінскага аддзялення Інстытута Пілецкага, спытала, які праект быў для нас апошнім сапраўды важным. Я сказала: «Музей». Яна адказала: «Дык пачынайце рабіць яго цяпер». Гэта нас падштурхнула. У пачатку 2022 года мы распачалі працу, правялі прэзентацыю і сустрэчу з супольнасцю. Тады мы зразумелі, у якім кірунку варта рухацца.

Наступным этапам стаў OM Podcast – размовы з людзьмі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў гісторыі беларускага мастацтва. Цяпер ідзе другі сезон. Яшчэ адзін кірунак – даследчая лабараторыя, якая рыхтуе публікацыю пра мастацтва 2015–2025 гадоў. Мы не прэтэндуем на вычарпальную гісторыю, але хочам зафіксаваць асноўныя падзеі і тэндэнцыі, каб не абарвалася жывая нітка гэтай гісторыі. Спадзяёмся выдаць публікацыю на пачатку наступнага года.

Мы разумеем, што гэта не будзе вялікая энцыклапедыя, якая закрые ўсе пытанні пра беларускае мастацтва. Але нам вельмі патрэбная такая праца з памяццю, каб не згубіць важныя імёны, падзеі і працэсы. Праект адкрыты для іншых даследчыкаў і даследчыц; нам хочацца, каб гісторыя не заставалася выключна ў руках некалькіх арганізатарак, а станавілася матэрыялам для наступных даследаванняў і новых уласных праектаў.

– Вы таксама плануеце прэмію імя Хаіма Суціна. Чаму менавіта ён і што звязвае ідэю з парыжскай Atelier 11?

Валянціна Кісялёва: Atelier 11 – гістарычная майстэрня ў Парыжы, дзе працаваў Суцін. Мы пазнаёміліся з Мілай Аўчыннікавай, заснавальніцай L’AiR Arts, якая займаецца яе аднаўленнем. Спачатку думалі пра рэзідэнцыі для беларускіх мастакоў, а потым узнікла ідэя прэміі. Мне падабаецца сувязь з рэальным месцам і жывой гісторыяй. Суцін нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і спрэчкі пра тое, наколькі ён «беларускі», для мяне хутчэй нагода паразважаць пра шматслойнасць нашай ідэнтычнасці. Часам я думаю, што Беларусь – гэта пэўны стан розуму і душы, не толькі тэрыторыя і пашпарт.

Ганна Чыстасердава: Суцін перайшоў у новы культурны кантэкст, не страціў сувязі з месцам, адкуль паходзіў, і здолеў стварыць уласную мастацкую мову. Мы хочам адзначаць аўтараў, чыя праца звязаная з Беларуссю, не абавязкова праз грамадзянства. І даваць ім магчымасць працаваць у гістарычнай майстэрні, знаёміцца з прафесійным асяроддзем Францыі.

Чалавек не проста атрымлівае ўзнагароду, а можа працаваць у месцы, дзе раней працавалі іншыя аўтары. І пры гэтым уваходзіць у сённяшняе прафесійнае асяроддзе Парыжа – горада, які таксама далёка не аднародны ў культурным сэнсе. Многія нашы праекты так і пачыналіся: «А чаму б не паспрабаваць?»

Ідэя прэміі з’явілася не ў адрыве ад жыцця. З аднаго боку, мы бачылі недахоп незалежных спосабаў адзначаць сучасных беларускіх мастакоў. З другога – сустрэлі партнёраў, якія аднаўляюць гістарычную парыжскую майстэрню. Важна, каб беларускае мастацтва было бачным не толькі за мяжой, але і для самога беларускага грамадства. Нам хацелася б, каб прэмія дапамагала звяртаць увагу і на новыя імёны, і на тых, хто ўжо зрабіў значны ўнёсак у мастацтва.

Фрагмент экспазіцыі выставы Luft suchen. Фота Аляксандра Канончанка

Luft suchen

– Як нарадзілася ідэя выставы? Чаму тэма прасторы стала для вас актуальнай?

Валянціна Кісялёва: Ідэя выставы звязаная з нашай унутранай патрэбай: нам хочацца мець пастаянную публічную прысутнасць. Мы хацелі гэтай выставай пачаць размову, якую нам важна весці далей.

Назва Luft suchen узнікла з нашых агульных размоў паміж мной, Ганнай і Лізай, куратаркай праекта. «Люфт» – адно з маіх любімых слоў. Я счытваю яго як прастору, паветра, месца, дзе ты можаш існаваць, куды можаш адысці або дзе можаш чэрпаць сілы. Мы фактычна самі шукаем гэты зазор, магчымасць пастаяннай прысутнасці. Таму назва – Luft suchen, пошук месца для прысутнасці і існавання – сфармулявалася вельмі натуральна.

– Чаму выстава складаецца з дзвюх частак? Як яны звязаныя паміж сабой?

Валянціна Кісялёва: Насамрэч дзве часткі з’явіліся найперш з самой прасторы. Halfsister – невялікае памяшканне з дзвюма заламі. Усе шэсць мастакоў і мастачак адначасова проста не змясціліся б. Але адначасова ў выставе ёсць два ўмоўныя погляды на пошук люфту: як аўтары перадаюць сваё разуменне рэальнасці, праз якія мастацкія сродкі размаўляюць з сабой і з гледачом. Я не хацела б занадта жорстка падзяляць гэтыя погляды: паміж імі ёсць перасячэнні.

У першай частцы ўдзельнічаюць беларускія аўтары Аляксандр Камароў і Ганна Школьнікава, якія з’ехалі з Беларусі даволі даўно, у розны час. Аляксандр жыве ў Берліне ўжо больш за дваццаць гадоў, Ганна – крыху менш. Ёсць таксама ўкраінскі мастак Вола Беўза, які з’ехаў яшчэ да поўнамаштабнай вайны і вучыўся тут. У кожнага ўласны досвед і оптыка. Нам цікава, якой мовай людзі, што даўно знаходзяцца ў іншым асяроддзі, гавораць пра сённяшнюю рэчаіснасць.

У другой частцы мы глядзім на гэтую размову праз іншую прызму – рытуал, тонкія пласты адчування, элементы духоўнасці. У ёй удзельнічаюць Марына Напрушкіна, Аляксандра Канончанка і Ута Бекая. Марына з’ехала з Беларусі даўно, Аляксандра – значна пазней. Нам цікава, як мяняецца мастацкая мова ў людзей з розным жыццёвым досведам і досведам міграцыі.

Мы спецыяльна не хацелі зрабіць з міграцыі адзіны сюжэт выставы. Нам важней зразумець, як кожны чалавек з ягоным шляхам і досведам бачыць свет цяпер. У першай частцы можна больш гаварыць пра назіранне, памяць і пошук арыенціраў, у другой – пра рытуалы і спосабы перадачы досведу. Але гэта ўсё ўмоўныя межы. Мастакі карыстаюцца рознымі медыя, і праз гэтыя сродкі задаюць пытанні сабе, гледачу і навакольнай рэальнасці.

Перформанс Касі Каі. Фота: Аляксандра Канончанка

– Як вы выбіралі ўдзельнікаў? Чаму побач беларускія, украінскія і грузінскія аўтары?

Валянціна Кісялёва: Гэта не проста спіс людзей з розных краін. Мы спрабавалі зразумець, як аўтары, якія з’ехалі ў розны час і з розных прычын, працуюць са сваёй рэальнасцю. Напрыклад, Аляксандра Канончанка робіць абярэгі разам з жыхарамі раёна, у якім жыве. Гэтыя аб’екты будуць прадстаўленыя ў выставе, а яна правядзе майстэрню. Ута Бекая таксама працуе з рытуальнымі элементамі: тут будзе ягоны касцюм, звязаны з адной з акцый. Мне цікава, як праз абярэг, рытуал або дзеянне мастакі гавораць пра рэальнасць.

Кася Кая, вакальная артыстка, фактычна злучае абедзве выставы. Яна працуе ў прафесійным музычным асяроддзі Германіі, але таксама і як мастачка. На фінісажы першай часткі яна зрабіла крыху рытуалізаваны вакальны перформанс. Другую завершыць яе «Хор выканання жаданняў». Мы спадзяёмся, што разам з наведнікамі зможам праспяваць нейкі маніфест, які народзіцца падчас сустрэчы, і даць яму шанец увасобіцца ў жыццё.

Ганна Чыстасердава: Адна з галоўных ідэй – звязаць беларускіх мастакоў розных хваляў міграцыі, стварыць магчымасць дыялогу паміж імі, паміж творамі і рознымі мастацкімі сродкамі. Потым мы зразумелі, што не хочам абмяжоўваць размову толькі беларускімі аўтарамі. Гэтым разам да нас далучыліся прадстаўнікі берлінскай сцэны з постсавецкім досведам. У нас дагэтуль шмат агульных выклікаў – і ў краінах паходжання, і ў міграцыі. Гэта не значыць, што наш досвед аднолькавы, але ёсць пра што разважаць разам.

Важнае і само месца. Halfsister ініцыявала грузінская мастачка Софія Табатадзэ. У публічнай праграме ўдзельнічае Заал Андронікашвілі. У адной прасторы сустракаюцца людзі з розным досведам міграцыі і рознымі культурнымі біяграфіямі. Сама міграцыя – не столькі тэма кожнай працы, колькі агульная частка біяграфій многіх удзельнікаў.

Нам прыемна, што на першую выставу прыходзілі прадстаўнікі берлінскай прафесійнай сцэны, мастакі і куратары. Гэта як кропля ў вадзе: ад невялікай падзеі разыходзяцца кругі, з’яўляюцца знаёмствы і ідэі. Мы спадзяёмся, што гэтыя сустрэчы перарастуць у сумесныя праекты на больш буйных пляцоўках.

– Як прайшла першая частка і што чакае наведнікаў другой?

Валянціна Кісялёва: Публічная праграма насычаная, падзеі адбываюцца амаль кожны дзень. Гэта спосаб зразумець нашу аўдыторыю: хто прыходзіць, што людзям цікава, ці цікавыя мы ім наогул. На дыскусію з Аксанай Гурыновіч прыйшло шмат людзей, аўдыторыя была вельмі розная. Была экскурсія з куратаркай і сустрэча з намі як з Ambasada Kultury. Было цікава бачыць, як наведнікі задаюць пытанні і ўключаюцца ў размову.

У другой частцы будуць майстэрня Аляксандры Канончанкі, дыскусія з Заалам Андронікашвілі і незвычайная куратарская экскурсія. Куратарка будзе весці яе ў дыялогу з Міхаілам Гуліным, беларускім канцэптуальным мастаком и яго сабакам Жужай, у Міхаіла ёсць серыя лекцый для нечалавечых агентаў. Мы запрашаем людзей з хатнімі жывёламі, якія добра паводзяць сябе ў публічнай прасторы. Жывёлы таксама частка нашага жыцця; цікава, як складзецца такая размова пра выставу. На заканчэнне – выступ Касі Каі з хорам. Гэта фарматы, у якіх чалавек можа не толькі паглядзець на творы, але і далучыцца да таго, што адбываецца.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram