Ноччу гамяльчане чулі гукі, падобныя на палёт «Шахеда»

Ноччу ў Гомелі ў раёне гандлёвага дома «Рэчыцкі» і Давыдаўскага рынку раздаваліся гукі, падобныя на палёт маторных беспілотнікаў, якімі Расія атакуе ўкраінскія гарады.

Многія гамяльчане чулі іх у небе каля поўначы.

«Савецкі раён Гомеля, побач з Давыдаўскім рынкам. Праляцелі проста над галавой», – піша _.minnie_princess._ і публікуе відэа з характэрным гукам.

«І мы моцна ачканулі ад гуку», – піша mary_bordik.

Мяркуючы па інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага Telegram-канала «єРадар», каля дзвюх гадзін ночы дрон ляцеў у бок Польшчы ў напрамку Пінска. Далейшы шлях беспілотніка не быў адсочаны.

Некаторыя гамяльчане пісалі, што чуюць характэрны гук другі дзень запар.

І сапраўды, 1 лістапада а 7:00 маніторынгавыя каналы фіксавалі палёты двух дронаў над Гомельскай вобласцю. Беспілотнікі вылецелі ў напрамку Церахоўкі Добрушскага раёна, потым згубіліся.