Фото: БКК
Нежынскі ГАК ужо вырабіў 400 тыс. тон калійных угнаенняў. Пра гэта стала вядома падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, прысвечанай завяршэнню будаўніцтва прадпрыемства.
«У верасні 2025 года ўпершыню атрымана таварная прадукцыя. Да цяперашняга часу выраблена каля 400 тысяч тон калійных угнаенняў. Яны знайшлі свайго пакупніка на экспартных рынках», – сказаў Лукашэнка.
У верасні мінулага года падчас наведвання Лукашэнкам прадпрыемства яго дырэктар Іван Галаваты, які раней узначальваў “Беларуськалій”, абяцаў, што да канца года ГАК выйдзе на магутнасць 1,1 млн т угнаенняў у год.
Сёння Лукашэнка заявіў, прадпрыемства павінна быць пабудавана ў тэрмін, але ёсць складанасці з прыёмкай работ.
«Як дакладваюць мне спецыялісты ўрада, ёсць складанасці з завяршэннем работ і прыёмкай аб’ектаў у эксплуатацыю. Пры гэтым асноўнае тэхналагічнае абсталяванне зманціравана, пусканаладачныя работы праведзены.
Напэўна, не трэба кожнаму з прысутных тлумачыць, што Нежынскі горна-абагачальны камбінат – флагманскі праект для краіны. Вельмі складаны праект, які патрабуе пастаяннай увагі”, – сказаў ён.
Нагадаем, у снежні мінулага года Лукашэнка заяўляў, што вылучаў амерыканскаму боку прапанову набыць прадпрыемства за 3 млрд долараў. Нежынскі ГАК першапачаткова будавала кампанія «Слаўкалій» расійскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Аднак пасля таго, як у дачыненні да яго і яго структур былі ўведзены санкцыі, праект прыпыніўся. У выніку на пляцоўцы Нежынскага ГАК у 2022 годзе з’явілася ААТ «Нетры Нежын». У 2025 годзе Лукашэнка прызнаў, што прадпрыемства было нацыяналізавана.