Нелегальныя цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі знайшлі ў літоўскім Швянчонісе

У літоўскім Швянчонісе памежнікі выявілі ў гаражы незаконна захоўваныя цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі на суму больш за 33 тысячы еўра. Па падазрэнні ў незаконным захоўванні падакцызных тавараў затрыманыя двое грамадзян Літвы.

Як паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, ператрус у гаражы правялі позна ўвечары ў панядзелак супрацоўнікі аддзела крымінальнай разведкі Віленскага памежнага атрада.

У гаражы знайшлі цыгарэты NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх даставілі на зарэгістраваным у Літве аўтамабілі Audi A6 пад кіраваннем 29-гадовага мужчыны. Яго суправаджаў Mercedes-Benz з часовымі літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі, за рулём якога знаходзіўся 28-гадовы грамадзянін Літвы.

Па факце незаконнага абарачэння падакцызных тавараў распачатая крымінальная справа. Абодва мужчыны былі затрыманыя на тэрмін да 48 гадзін, а затым ім абралі меры стрымання ў выглядзе абавязацельства не пакідаць месца жыхарства і канфіскацыі дакументаў.

Аўтамабілі знаходзяцца на ахоўнай тэрыторыі Швянчонскай памежнай заставы.

Заканадаўства Літвы прадугледжвае за падобныя злачынствы штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.