Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Абарона ўкраінскіх гарадоў і вёсак, энергетычнай і транспартнай інфраструктуры, уключаючы масты, з’яўляецца першачарговай задачай. Пра гэта заявіў Уладзімір Зяленскі па выніках пасяджэння «кааліцыі ахвочых», адзначыўшы, што Расія працягвае штодня наносіць удары па Украіне.
«Кожны дзень — удары Расіі па Украіне, толькі за сёння — дзясяткі параненых. І, на жаль, ёсць загінулыя. Мае спачуванні ўсім родным і блізкім. У Кіеве расійскі «шахед» пашкодзіў Уладзімірскі сабор — адну з самых важных цэркваў не толькі Украіны, але і ўсёй нашай часткі Еўропы… Пашкоджаныя таксама будынкі пасольстваў Аўстрыі і Нідэрландаў. Таму абарона нашых гарадоў і вёсак, абарона нашай энергетыкі, абарона нашай лагістыкі, мастоў – гэта сапраўды першачарговая задача», – заявіў Зяленскі.
Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі пасяджэння пагадзіліся з неабходнасцю ўзмацнення абароны Украіны. Дасягнутыя дамоўленасці аб новых пакетах падтрымкі. Зяленскі заявіў, што з сярэдзіны лета Расія нарошчвае прымяненне балістычных ракет і рэактыўных беспілотнікаў тыпу «Шахед». У сувязі з гэтым Украіна разлічвае на дадатковыя сумесныя меры з партнёрамі для ўмацавання супрацьпаветранай абароны.
На пасяджэнні абмяркоўваліся перамовы аб завяршэнні вайны. У ім удзельнічалі амерыканскія прадстаўнікі Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер.
“Ёсць рашэнне, што еўрапейцы будуць удзельнічаць у перамовах з расіянамі. Гэта важна. Еўропу будуць прадстаўляць пяць краін плюс Еўрапейскі Саюз і НАТА, і Амерыка цалкам разумее, чаму неабходны моцны і скаардынаваны ўдзел Еўропы ў перамовах.
Мы яшчэ сёння пагаворым асобна з амерыканскімі прадстаўнікамі пра тое, калі і з якім парадкам дня адбудзецца наступная сустрэча. І ўжо павінна адбыцца чатырохбаковая сустрэча: Украіна, Еўропа, Амерыка і Расія. Мы вельмі на гэта разлічваем. Парадак дня сустрэчы павінен быць сумесна намі ўсімі прапрацаваны і зацверджаны — і Украінай, і Еўропай, і Амерыкай”, – адзначыў украінскі лідар.
Ён заклікаў узмацніць ціск на Расію, каб не дапусціць зацягвання перамоваў, і падкрэсліў важнасць гарантый бяспекі для Украіны, уключаючы перспектывы яе сяброўства ў НАТА і Еўрасаюзе.
“І мы разам павінны рабіць адпаведныя крокі, каб Расія проста займалася важнай працай, вельмі канкрэтнай, а не марнаваннем часу. Гэта вельмі важна для нас, таму што гінуць людзі, нашы ўкраінцы. І не хочацца, каб Расія зацягвала ўсё гэта да зімы. Трэба ціснуць. Еўропа гатовая да новых санкцый, гатовая да новых крокаў у падтрымку Украіны, украінскага народа. Важна, каб Злучаныя Штаты Амерыкі аказвалі ўплыў на Расію”, – падкрэсліў Зяленскі.