Не адзін і не два мільёны. У “Белпошце” расказалі пра абарот свайго маркетплэйса

Абарот маркетплэйса “Белпошты” вылічваецца мільёнамі рублёў. Пра гэта ў праграме “Эканамічнае асяроддзе” беларускага тэлебачання расказала гендырэктар “Белпошты” Святлана Юркевіч.

“Гэты напрамак дастаткова актыўна цяпер развіваецца. І па статыстыцы мы бачым, што набірае абароты і сёння тавараабарот ад гэтай платформы наш – гэта ўжо больш за мільён, не адзін мільён, не адзін, не два, пад тры ўжо (мільёны рублёў – заўв. Reform.news)”, – сказала яна.

Паводле яе слоў, да 60% асартыменту прадстаўлена беларускімі вытворцамі. Штодня на пляцоўку заходзіць 3-4 прадаўцы. Праз маркетплэйс працуюць больш за 500 прадаўцоў. Асартымент складае больш за 38 тыс. тавараў. Юркевіч адзначыла, што перавагай платформы “Белпошты” з’яўляецца наяўнасць уласнай дастаўкі, асабліва на “апошняй мілі”. Яна запэўніла, што праект не стратны.

“Зразумела, што размяшчаючы свае карткі тавараў, што гэта ёсць і абанплата, якую пастаўшчыкі і вытворцы плацяць, адпаведна, мы бяром і за дастаўку заказаў да кожнага населенага пункта. Таму ўсё эканамічна пралічана, і той функцыянал, які цяпер працуе, адназначна не стратны”, – сказала яна.