Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) распрацавала «Праграму сапраўдных змен з 10 пунктаў».
Гэта стратэгічная рамка і практычны алгарытм, адрасаваны двум бакам: міжнародным партнёрам і функцыянальным уладам у Беларусі.
Галоўны прынцып праграмы – «Нічога пра беларусаў без саміх беларусаў».
«Нельга выступаць пляцоўкай для ўрэгулявання міжнародных канфліктаў, калі ўнутры краіны працягваецца тэрор, тысячы грамадзян утрымліваюцца ў турмах, а беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца для агрэсіі супраць Украіны», — падкрэслівае НАУ.
10 пунктаў праграмы:
- Спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.
- Гарантыі бяспечнага вяртання беларускіх эмігрантаў, актывістаў і палітыкаў без пагрозы пераследу.
- Дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнай дзейнасці, уключаючы дзейнасць палітычных партый і НДА ў Беларусі.
- Дэкрыміналізацыя дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі.
- Спыненне выкарыстання крымінальнай і адміністрацыйнай практыкі правапрымянення ў мэтах палітычна матываванага пераследу апанентаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
- Адмена нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць правы беларусаў за мяжой, з аднаўленнем консульскіх паслуг, афармлення пашпартоў і права голасу за мяжой.
- Запуск Беларускага Круглага стала па выхадзе з палітычнага крызісу і захаванні суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы паміж дзейнымі функцыянальнымі ўладамі Беларусі і дэмакратычнымі сіламі пры міжнародным пасярэдніцтве.
- Спыненне падтрымкі агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, у тым ліку недапушчэнне далейшага выкарыстання беларускай тэрыторыі, паветранай прасторы і інфраструктуры для гэтай агрэсіі.
- Поўная рэабілітацыя ўсіх незаконна асуджаных асоб і адмена ўсіх палітычна матываваных рашэнняў па крымінальных і адміністрацыйных справах.
- Вяртанне канфіскаванай, вынятай і арыштаванай маёмасці.