Наступны навучальны год у беларускім войску абвясцілі Годам супрацьдзеяння беспілотнікам

Наступны навучальны год ва Узброеных сілах Беларусі пройдзе пад знакам удасканалення сістэмы супрацьдзеяння беспілотным авіяцыйным комплексам. Пра гэта заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на аператыўным зборы каманднага складу, які завяршыўся пасяджэннем калегіі ведамства.

Хрэнін падвёў вынікі баявой падрыхтоўкі войска ў 2025/2026 навучальным годзе і вызначыў задачы на наступны перыяд.

Сярод прыярытэтаў ён назваў павышэнне баявой гатоўнасці асобных падраздзяленняў, перш за ўсё тых, якія павінны быць гатовыя да выканання задач у скарочаныя тэрміны “на напрамках, участках мясцовасці, дзе магчымая эскалацыя абстаноўкі, а таксама прымяненне ваеннай сілы супраць Рэспублікі Беларусь”.

Таксама плануецца фарміраваць новыя падраздзяленні і ўкараняць сучасныя сродкі ўзброенай барацьбы, у тым ліку для супрацьдзеяння высокадакладнай зброі, беспілотнікам і інфармацыйным атакам.

Сярод іншых задач міністр назваў падрыхтоўку органаў ваеннага кіравання, войскаў і афіцэраў, падтрыманне ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў баяздольным стане, а таксама павышэнне ўкамплектаванасці войска кадрамі. Для прыцягнення вайскоўцаў плануецца ўдасканальваць меры па павышэнні прэстыжу ваеннай службы, сацыяльнага статусу вайскоўцаў і матывацыі грамадзян да службы ў войску і афіцэрскім корпусе.