«Наша Ніва»: У СІЗА КДБ апынуўся пазбаўлены звання падпалкоўніка Дзмітрый Зара

У СІЗА КДБ апынуўся былы беларускі вайсковец Дзмітрый Зара, якога беларускія сілавікі лічаць аналітыкам каманды Валерыя Сахашчыка, піша «Наша Ніва». Як ён апынуўся ў Беларусі, выданню невядома.

Зора нарадзіўся ў 1981 годзе ў Кобрыне, служыў ва ўнутраных войсках, затым працягнуў службу ў Мар’інай Горцы. У канцы ваеннай кар’еры займаў адміністрацыйную пасаду на 50-й змешанай авіябазе ў Мачулішчах, дзе даслужваў да ваеннай пенсіі.

З Беларусі Зара з’ехаў не пазней за красавік 2022 года і абаснаваўся ў Польшчы. Там ён займаўся прамысловым альпінізмам і працаваў інструктарам па скоках з парашутам.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у 2022 годзе Зара далучыўся да каманды Валерыя Сахашчыка. Паводле слоў знаёмых Зары, беларускія сілавікі абвінавачваюць яго менавіта ў працы на Сахашчыка. Мяркуецца, што Зара займаўся зборам інфармацыі і аналітыкай.

У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў Зару воінскага звання падпалкоўніка.

Пасля таго як Сахашчык адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці, Зара працягнуў займацца вышыннымі работамі і падрыхтоўкай ахвочых да скачкоў з парашутам. У пачатку 2026 года ён, паводле інфармацыі выдання, раптоўна знік з Польшчы, дзе жыў адзін. Пазней стала вядома, што ён апынуўся ў СІЗА КДБ і, як сцвярджае выданне, сутыкнуўся з катаваннямі.

Як менавіта Зара трапіў у Беларусь, невядома. «Наша Ніва» лічыць найбольш верагоднай версію пра тое, што ён вярнуўся самастойна. На працягу апошняга года перад вяртаннем Зара спрабаваў легалізавацца ў Польшчы і атрымаць палітычны прытулак.

Апошняя публікацыя Зары ў Instagram з’явілася 3 лютага 2026 года і была прысвечаная самаахвяраванню Ісуса Хрыста. Пасля гэтага ён перастаў публікаваць паведамленні.