Нарвегія не будзе пускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі

Нарвегія будзе адмаўляць ва ўездзе беларускім і расійскім спартсменам, а таксама дапаможнаму персаналу каманд. Пра гэта абвясцілі ў МЗС краіны.

“У Нарвегіі ўжо дзейнічаюць строгія візавыя і ўязныя правілы для грамадзян Расіі і Беларусі. Аднак змякчэнне патрабаванняў міжнароднымі федэрацыямі азначае, што больш вядучых спартсменаў і дапаможнага персаналу з Расіі і Беларусі могуць прыязджаць у Нарвегію для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Урад хоча прадухіліць уезд прафесійных спартсменаў і дапаможнага персаналу з гэтых краін у Нарвегію да таго часу, пакуль працягваецца вайна ва Украіне”, – гаворыцца ў заяве МЗС.

Іміграцыйнаму ўпраўленню і паліцыі будзе даручана выдвараць расійскіх і беларускіх прафесійных спартсменаў і персанал, які іх суправаджае, калі яны прыбываюць у Нарвегію для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах.