Намесніка дырэктара мінскага прадпрыемства электроннага машынабудавання будуць судзіць за хабар

Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога намесніка генеральнага дырэктара сталічнага прадпрыемства электроннага машынабудавання. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў буйным памеры.

Паводле версіі абвінавачання, у перыяд са студзеня 2025 года па красавік 2026 года ён атрымаў у Мінску хабар у памеры 10 тыс. еўра ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый.

“Грашовыя сродкі перадаваліся за забеспячэнне набыцця прадпрыемствам абсталявання ў канкрэтнага пастаўшчыка, а таксама своечасовай аплаты рамонтных работ, мадэрнізацыі памяшканняў і паслуг па ўборцы паводле раней заключаных гаспадарчых дагавораў”, – пракаментавалі ў Генпракуратуры.

Мужчына раскаяўся ва ўчыненым і выплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам. Абвінавачаны застаецца да суда пад закладам.

Назва прадпрыемства не разгалошваецца, аднак пад падобнае апісанне ў Мінску трапляе не так шмат арганізацый, адна з іх – “Пеленг”.