Накіравалі на латвійскіх вайскоўцаў прадмет, падобны да зброі. У Латвіі расказалі падрабязнасці інцыдэнту на мяжы

Камандуючы Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі Латвіі Каспарс Пуданс расказаў падрабязнасці інцыдэнту на беларуска-латвійскай мяжы. Паводле яго слоў, у латвійскіх вайскоўцаў кідалі камяні і галінкі, а таксама накіравалі «прадмет, падобны да зброі».

Як расказаў Пуданс, некалькі чалавек перасеклі мяжу і пералезлі праз плот. Латвійскія вайскоўцы, якія прыбылі, сталі затрымліваць парушальнікаў. У гэты час з беларускага боку ў іх пачалі кідаць камяні.

«Пачалі пагражаць, кідаць у нашых вайскоўцаў камяні, абломкі дрэў, паленне, а таксама быў прадмет, падобны да зброі, які накіравалі на вайскоўцаў», — заявіў Пуданс у перадачы TV3 «900 секунд».

З-за дрэннай бачнасці і адлегласці вайскоўцы не маглі пацвердзіць, ці сапраўды прадмет быў зброяй. Яны адступілі на некалькі метраў, каб не дапусціць эскалацыі, але спробы мігрантаў перасекчы мяжу былі спыненыя.

Нагадаем, латвійская армія паведаміла пра правакацыю на беларуска-латвійскай мяжы на гэтым тыдні. Узброеныя людзі ў масках гналі групу з не менш як 20 мігрантаў у бок латвійскай мяжы і пагражалі латвійскім вайскоўцам.

Спроба пераходу мяжы была спыненая, але праз некалькі гадзін людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную шафу, скралі камеры назірання і схаваліся ў Беларусі да прыбыцця латвійскіх памежнікаў.