“Нахабна”. Лукашэнка абвінаваціў краіны-суседкі ў мільярдных выдатках на зброю

Аляксандр Лукашэнка сёння прыехаў на Абуз-Лясноўскі палігон, каб паглядзець, як рэалізуецца даручэнне аб развіцці сродкаў сувязі ў войсках. Свой прыезд ён выкарыстаў, каб выступіць з чарговымі абвінавачаннямі ў адрас краін-суседак, а таксама зноў запэўніць, што ні на каго не збіраецца нападаць.

Адкрываючы нараду, Лукашэнка падкрэсліў, што ў развіцці сродкаў сувязі і РЭБ нельга адставаць.

“Сёння аператыўны абмен данымі, абароненасць каналаў і хуткасць прыняцця рашэнняў наўпрост вызначаюць стратэгічную перавагу на полі бою, гарантуюць дакладнасць выканання баявых задач і бяспеку ўсяго асабовага складу.

Ва ўмовах, калі ўвесь свет імкліва развівае інфармацыйныя тэхналогіі, сродкі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і падаўлення, адставанне ў гэтым пытанні падобнае да смерці. Менавіта таму вялікую ўвагу ў развіцці нашых Узброеных Сіл і ў цэлым ваеннай арганізацыі дзяржавы мы надаём і будзем надаваць мадэрнізацыі сістэмы сувязі”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, некалькі гадоў таму была пастаўлена задача аснасціць войскі сучаснымі сродкамі сувязі з улікам досведу “сучасных канфліктаў”. Цяпер жа прыйшоў час праверыць, як выканана задача. Пасля гэтага ён перайшоў да геапалітычных інвектыў.

“Знешнепалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку ў адрас Беларусі вы бачыце, назіраеце. Разведка ў дачыненні да Беларусі вядзецца дастаткова адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем рознага кшталту правакацыі, парушэнні паветранай прасторы. Але не гэта галоўнае.

Галоўнае заключаецца ў тым, што нашы суседзі сёння трацяць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. Нахабна. Не толькі вучэнні каля мяжы, але і стварэнне новых частак, армій, якія разгортваюцца на мяжы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, ваенных людзей, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я казаў калісьці адкрыта і сумленна, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы павінны быць заўсёды гатовыя да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца”, – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, абвінавачваючы суседзяў, абышоў увагай міграцыйны крызіс, які разгортваецца з 2021 года на межах Беларусі і дзяржаў ЕС, а таксама расійска-ўкраінскую поўнамаштабную вайну, якая працягваецца пяты год.

“Некаторыя нас тут спрабуюць папракнуць, што нібыта заўтра мы на кагосьці збіраемся нападаць. Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на каго нападаць, мы прагматыкі. Мы разумеем, што калі мы на кагосьці (дапусцім, з нашых суседзяў) здзейснім напад, гэта падобна да смерці. Выйграць канфлікт з нашымі “монстрамі”, размешчанымі па перыметры дзяржавамі мы не можам. Навошта тады пачынаць вайну, калі абсалютна адкрыта? Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаныя”, – працягнуў Лукашэнка.

Далей ён вярнуўся да асноўнай тэмы мерапрыемства.

“Калі мы не можам кіраваць войскамі, такія войскі нам не патрэбныя. Там, дзе сістэма вытрымлівае ўдары, дзе камандзіры, кіраўнікі ўсіх узроўняў улады і арміі, Узброеных Сіл кіруюць боем і сістэмай у цэлым, – ад гэтага залежыць вынік канфлікту”, – працягнуў Лукашэнка.

Ён не прамінуў захапіцца Іранам, які, на яго думку, выстаяў у канфлікце з ЗША.

“Вытрымалі ўдар тысяч ракет і бомб. Мільярды (100 млрд долараў называецца лічба, думаю, значна больш) Злучаныя Штаты Амерыкі патрацілі на тое, каб вырашыць пытанне на сваю карысць. Але выніку не дабіліся. Сістэма кіравання прадэманстравала ўстойлівасць, наколькі гэта магчыма, не перастала працаваць. І кіраванне было забяспечана”, – сказаў ён.

Яму далажылі, што 7-11 верасня праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войскаў сувязі Узброеных Сіл. Мэта вучэння – адпрацоўка варыянтаў забеспячэння ўстойлівага кіравання ваеннай арганізацыяй дзяржавы з выкарыстаннем новых прыёмаў і спосабаў арганізацыі сувязі, зыходзячы з досведу сучасных канфліктаў.

“Мы калісьці дамаўляліся пра тое, што ў арміі будзе новая не проста сістэма, але і сродкі сувязі. Гэта значыць, калі вайна, мы спакойна можам кіраваць войскамі, пачынаючы ад цэнтра да падраздзялення?” – пацікавіўся Лукашэнка ў міністра абароны Віктара Хрэніна.

“Устойлівасць, скрытнасць, надзейнасць сістэма сувязі забяспечыць. Тое, што ў нас маецца, – пяць гадоў таму мы не маглі марыць пра гэта”, – адказаў той.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!