Нафтавыя ф’ючарсы гандлююцца ніжэй за 95 долараў за барэль

Каціроўкі нафтавых ф’ючарсаў раніцай у аўторак гандлююцца ніжэй за 95 долараў за барэль.

Бліжэйшы, майскі, ф’ючарс на нафту маркі Brent каштуе 94,8 долара за барэль. Пры гэтым ноччу яго кошт апускаўся да 88 долараў за барэль.

Ф’ючарс на амерыканскую нафту WTI каштуе 90,22 долара.

Учора на фоне падзей вакол Ірана кошт ф’ючарсаў узлятаў да ўзроўню вышэй за 115 долараў за барэль. Апошні раз такія каціроўкі назіраліся летам 2022 года. Аднак на працягу дня яны пачалі зніжацца.

Пазней Дональд Трамп заявіў пра хуткае завяршэнне аперацыі супраць Ірана, а таксама паабяцаў, што ЗША будуць прадпрымаць меры для стабілізацыі нафтавага рынку.

Амерыканскія фондавыя пляцоўкі завяршылі панядзелак ростам індэксаў. Сёння адкрыццё азіяцкіх фондавых біржаў таксама адзначана аднаўленнем каціровак пасля падзення ў панядзелак.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!