Начальнік Дзяржпагранаховы Латвіі расказаў падрабязнасці правакацыі на мяжы

Людзі ў масках, якія перайшлі беларуска-латвійскую мяжу, скралі дзве камеры назірання. Магчыма, яны не былі прадстаўнікамі дзяржаўных службаў Беларусі. Пра гэта агенцтву LETA заявіў начальнік Дзяржаўнай пагранаховы Гунціс Пуятс, паведамляе LSM.

Паводле слоў Пуятса, невядомыя скралі дзве камеры назірання, але ўжо робіцца ўсё магчымае для аднаўлення інфраструктуры.

Ён лічыць, што людзі ў масках маглі быць не прадстаўнікамі дзяржаўных службаў Беларусі, а ўдзельнікамі арганізаванай злачыннасці, якія займаюцца перапраўкай мігрантаў з адабрэння беларускіх службаў.

Таксама Пуятс адзначыў, што сёлета назіраецца ў два разы менш пашкоджанняў плота на мяжы, чым летась.

Нагадаем, латвійская армія паведаміла пра правакацыю на беларуска-латвійскай мяжы на гэтым тыдні. Узброеныя людзі ў масках гналі групу з не менш як 20 мігрантаў у бок латвійскай мяжы і пагражалі латвійскім вайскоўцам.

Спроба пераходу мяжы была спынена, але праз некалькі гадзін людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную шафу, скралі камеры і схаваліся ў Беларусі да прыбыцця латвійскіх памежнікаў.