Скриншот видео МВД
Падчас комплексных камандна-штабных вучэнняў МУС у Гомельскай вобласці сілавікі адпрацавалі дадатковыя сцэнарыі з пошукам «дыверсійна-разведвальнай групы» і перакідваннем спецпадраздзялення ў іншы рэгіён.
Паводле сцэнарыя, у міліцыю паступіла паведамленне пра людзей у ваеннай форме ў раёне Мазырскага НПЗ. Для іх пошуку паднялі стралковы батальён унутраных войскаў МУС, а таксама прыцягнулі байцоў САХР, «Беркута» і супрацоўнікаў мясцовага РАУС. У лясным масіве кінолагі і сапёры выявілі схованку са зброяй, боепрыпасамі і беспілотнікам. Пад’язныя шляхі заблакавалі супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Чатырох умоўных злачынцаў, якія падзяліліся і пайшлі ў розныя бакі, затрымалі на працягу некалькіх гадзін.
Другой пазапланавай задачай стала вылучэнне магілёўскага атрада спецпрызначэння «Гром» у раён Гомеля. Паводле сцэнарыя, на маршруце калона сутыкнулася з процідзеяннем, з-за чаго працягнуць рух на тэхніцы аказалася немагчыма. Байцы пакінулі транспарт і пешшу пераадолелі каля трох кіламетраў у поўнай экіпіроўцы.
У МУС заявілі, што атрад прыбыў у прызначаны раён ва ўстаноўлены тэрмін і прыступіў да выканання далейшых задач.
Намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў назваў вучэнні ў Гомельскай вобласці найбольш маштабнымі ў рамках серыі КШВ. Паводле яго слоў, асабовы склад справіўся з дадатковымі задачамі. Ён таксама паведаміў, што трохкіламетровую дыстанцыю па перасечанай мясцовасці ў экіпіроўцы і рыштунку вагой каля 25 кг пераадолела ў тым ліку вайскоўка.