Наўседа: У Літве быў збіты беспілотнік “Гербера”

Учора ўначы ў Літве быў збіты расійскі беспілотнік “Гербера”. Яго тып назваў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа. Паводле яго слоў, пакуль няма прыкмет таго, што залёт беспілотніка быў мэтанакіраванай акцыяй.

«На дадзены момант, паводле наяўнай інфармацыі, гэта быў беспілотнік тыпу “Гербера”.

У цяперашні час праводзіцца аналіз электроннай часткі даных, і, падобна, удасца аднавіць інфармацыю і атрымаць значна больш звестак пра тое, адкуль, як і пры якіх абставінах (ён заляцеў — заўв. Reform.news).

Верагодна, гэта не было наўмысным дзеяннем супраць Літвы, хутчэй за ўсё, гэта быў расійскі беспілотнік, прызначаны для Украіны, які быў адхілены ад курса ўкраінскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і ўварваўся на тэрыторыю нашай краіны, дзе быў збіты. Вядома, у будучыні, калі ў нас з’явіцца дадатковая інфармацыя, мы абавязкова яе надамо», — цытуе Наўседу LRT.

Нагадаем, беспілотнік быў збіты ў небе Літвы неўзабаве пасля поўначы 15 верасня. Яго абломкі ўпалі побач з населеным пунктам Праткунай, размешчаным недалёка ад Круоніскай гідраакумулюючай электрастанцыі. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

Паведамлялася, што БПЛА заляцеў у Літву з боку Беларусі.

Трэба адзначыць, што дрон таго ж тыпу, толькі больш новай мадыфікацыі, днямі прыбіла да берагоў Польшчы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!