На мінскага школьніка завялі крымінальную справу за «вадзяныя бомбачкі»

У Мінску затрымалі 14-гадовага школьніка, які скідаў з даху шматпавярховага дома пакеты, напоўненыя вадой. У выніку некалькі дзяцей звярнуліся па медыцынскую дапамогу, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

У міліцыю звярнуліся дзяўчынкі-падлеткі, на якіх з вышыні скінулі напоўненыя вадой пакеты. Было ўстаноўлена, што да гэтага датычны мінскі дзевяцікласнік. Падлетак загадзя набраў ваду ў пластыкавыя пакеты, пасля чаго праз незамкнёныя дзверы падняўся на гарышча. Школьнік прызнаўся, што не глядзеў уніз і не задумваўся пра тое, што яго дзеянні могуць прычыніць шкоду людзям або маёмасці.

Пацярпелым дзецям ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў аказалі медыцынскую дапамогу. Шпіталізацыя ім не спатрэбілася.

У дачыненні да падлетка распачата крымінальная справа па артыкуле аб хуліганстве.

Акрамя таго, ЖЭУ атрымала прадпісанне ліквідаваць парушэнні і ўсталяваць надзейныя замкі, якія перашкаджаюць доступу на гарышча. З непаўналетнім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная праца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!