Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала яго віншаванне народу Польшчы з нагоды Дня незалежнасці. Асноўны змест паслання – не віншаванні і пажаданні, а палітычныя папрокі і прапанова наладжваць адносіны.
На думку Лукашэнкі, адносіны паміж Мінскам і Варшавай значна ўскладніліся, што з’яўляецца выпрабаваннем на трываласць. Ён перакананы, што абмен забаронамі і санкцыямі не дапамагае пераадолець супярэчнасці.
“У сённяшніх умовах істотных выклікаў у Еўропе адносіны паміж Беларуссю і Польшчай, на жаль, значна ўскладніліся, што стала для нас выпрабаваннем на трываласць. Перакананы, праз абмены забаронамі і санкцыямі, агароджы і сцены пераадолець гэтыя абставіны немагчыма. У нас розныя пазіцыі па шэрагу праблем – так было і будзе. Пытанне ў тым, ці зможам мы ставіцца да гэтай сітуацыі з разуменнем і нацэленасцю на дыялог, без канфрантацыі і абвінавачанняў”, – гаворыцца ў пасланні.
Лукашэнка выказаў гатоўнасць вярнуцца да канструктыўнага дыялогу.
“Мы цвёрда ўпэўненыя, на крыўдзе суседа свайго шчасця не пабудаваць. Толькі шляхам аднаўлення сапраўдных павагі і даверу можна справіцца з любымі цяжкасцямі, вярнуцца да канструктыўнага развіцця камунікацыі, адрадзіць паспяховае супрацоўніцтва дзеля нашай агульнай карысці і будучыні нашчадкаў”, – гаворыцца ў пасланні.
Трэба адзначыць, што нядаўна адбылася сустрэча паміж міністрамі замежных спраў Беларусі і Польшчы Максімам Рыжанковым і Радаславам Сікорскім. Аднак учора дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч канстатаваў, што яна не атрымала развіцця.
“Далей пакуль ніякага руху мы не бачым, хаця Беларусь гатовая”, – казаў Вальфовіч.