Фото: t.me/tsikhanouskaya
На V Форуме Астрожскіх у Львове абмеркавалі стварэнне сямі беларуска-ўкраінскіх рабочых груп, інтэграцыю беларусаў ва Украіне і магчымасць надання дыпламатычнага статусу Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве, паведамілі у Офісе Святланы Ціханоўскай.
Форум праходзіў 19–20 лістапада і быў прысвечаны беларуска-ўкраінскім адносінам, рэгіянальнай бяспецы і перспектывам супрацоўніцтва дзвюх краін.
У дыскусіі «Украіна як хаб Новай Беларусі: перспектывы, магчымасці, выклікі» прыняў удзел дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі. Мадэратарам выступіў дарадца Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Разам з кіраўніцай Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Вольгай Зазулінскай, паслом па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Яраславам Чарнагорам, а таксама дэпутатамі Вярхоўнай рады Сяргеем Собалевым і Уладзімірам Ар’евым абмеркавалі ролю Украіны як аднаго з цэнтраў Новай Беларусі нароўні з Варшавай і Вільнюсам, пытанні легалізацыі і інтэграцыі беларусаў, магчымасці атрымання адукацыі і прафесійнага развіцця, а таксама ўдзел беларусаў у пасляваенным аднаўленні Украіны.
Па выніках дыскусіі былі вызначаны прыярытэтныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва. У прыватнасці, прапанавана стварыць міжведамасную рабочую групу па інтэграцыі беларусаў ва Украіне і запусціць сем беларуска-ўкраінскіх рабочых груп па розных напрамках. Акрамя таго, удзельнікі прапанавалі прапрацаваць пытанне надання дыпламатычнага статусу Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве.
Сярод ініцыятыў – падрыхтоўка мемарандума аб узаемадзеянні з Вярхоўнай радай Украіны, прасоўванне заканадаўчых змен, якія датычацца прававога статусу беларусаў, і сумесная праца над пакетам рэформаў «Пазітыўная альтэрнатыва для Новай Беларусі».
Таксама абмяркоўваліся развіццё міжпартыйных кантактаў і падтрымка Маладзёжнага Люблінскага трохвугольніка як пляцоўкі для рэгіянальнага супрацоўніцтва.