Скриншот видео
Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай, у якой рашуча асудзіла заявы камандуючага сіламі NATO ў Еўропе Алексуса Грынкевіча, які на гэтым тыдні на форуме ў Варшаве прадставіў “Тэорыю перамогі”.
У заяве МЗС гаворыцца, што Беларусь “рашуча асуджае заявы галоўнакамандуючага Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Еўропе генерала Алексуса Грынкевіча, які прадставіў так званую «Тэорыю перамогі».
“Гэтая канцэпцыя прадугледжвае нанясенне прэвентыўных удараў па тэрыторыі Беларусі з ужываннем дронаў і наземных рабатызаваных сістэм”, – адзначылі ў МЗС.
Нагадаем, план, прадстаўлены Грынкевічам, апісвае адказ NATO на агрэсію з боку Расіі. Ён прадугледжвае блакіраванне атакі і, калі агрэсія працягнецца, пазбаўленне праціўніка здольнасці кантраляваць і падтрымліваць свае сілы. Пры гэтым NATO не будзе імкнуцца атрымаць перамогу над Расіяй або падарваць яе ўрад. Стратэгія прадугледжвае стварэнне шырокай «аўтаномнай зоны», дзе беспілотнікі і наземныя робаты маглі б адбіць расійскі напад без значных страт войскаў саюзнікаў, і нанясенне ўдараў па Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.
У сваёй заяве МЗС Беларусі абвінаваціў NATO ў агрэсіі.
“Агрэсіўная рыторыка Паўночнаатлантычнага альянсу набывае ўсё больш сістэмны характар. Без якіх-небудзь пагроз з боку Беларусі, без рэальных перадумоў да канфлікту NATO будуе планы па нарошчванні ваеннай прысутнасці ля межаў і нанясенні ўдараў па тэрыторыі суверэннай дзяржавы.
Пад прыкрыццём ахоўных фармулёвак блок фактычна рыхтуе глебу для ваеннай эскалацыі і агрэсіі.
Беларусь ніколі і нікому не пагражала. Наша ваенная дактрына мае выключна абарончы характар. Мы паслядоўна выступаем за адкрытасць, дээскалацыю і раўнапраўны дыялог.
Заклікаем заходніх калег праявіць разважлівасць і прыступіць да сумеснай працы над аднаўленнем узаемнага даверу”, – дадалі ў міністэрстве.