Мытня спыніла працу нелегальнай запраўкі каля пункта пропуску “Бераставіца”

Беларускія мытнікі спынілі працу нелегальнай запраўкі каля пункта пропуску “Бераставіца”.

Нагадаем, перавозчыкі з краін ЕС могуць ехаць ад мяжы толькі ў пункты перагрузкі-перачэпкі, а таксама карыстацца вызначанымі АЗС, дзе кошт паліва вышэйшы.

Некаторыя жыхары Беларусі вырашаюць на гэтым зарабіць, арганізоўваючы нелегальныя мабільныя запраўкі. Якраз у момант такой закупкі паліва і трапіўся кіроўца польскага перавозчыка. Ён запраўляў грузавік з перасоўнай “АЗС”, абсталяванай у аўтамабілі Ford Transit.

“Транспартны сродак, які выступаў у ролі запраўкі, абсталявалі ёмістасцю аб’ёмам 1000 літраў для захоўвання гаручага, а таксама ўсім неабходным абсталяваннем для адпускання паліва”, – гаворыцца ў паведамленні ДМК.

Кіроўцу польскай кампаніі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.3 КаАП за парушэнне парадку руху і запраўкі транспартных сродкаў.

“Дзеянні грамадзяніна, які аказвае гэтыя паслугі, таксама атрымаюць прававую ацэнку. Матэрыялы праверкі накіраваныя ў падатковыя органы”, – дадалі ў ДМК.

Фота: ДМК
Фота: ДМК