«Мы не хочам паўтарыць лёс Украіны». Лукашэнка запэўніў Рускіх, што шматвектарнасць не аддаляе яго ад Расіі

Аляксандр Лукашэнка запэўніў чарговага расійскага губернатара, што палітыка шматвектарнасці не аддаляе Мінск ад Масквы, а ён не хоча паўтараць лёс Украіны. На гэты раз адрасатам запэўненняў стаў губернатар Ульянаўскай вобласці Аляксей Рускіх. У 2025 годзе Лукашэнка ўжо «апраўдваўся» за шматвектарнасць перад губернатарам Смаленскай вобласці, а ў лютым гэтага года расказваў дзяржсакратару СД Сяргею Глазьеву, што на перамовах з ЗША не вырашае свае праблемы за кошт Расіі.

«Што датычыцца нашых гандлёва-эканамічных адносін, вы добра ведаеце нашы магчымасці. Я заўсёды губернатарам Расіі кажу: глядзіце, калі мы нешта можам зрабіць у гэтай сітуацыі для вас, заўсёды зробім. Не зважаючы на тое, што там гавораць вакол нас. І асабліва на тое, што пішуць, асабліва ў Расіі.

Я вельмі ўважліва адсочваю сродкі масавай інфармацыі, паколькі вайна ў тым ліку сёння ідзе перш за ўсё ў СМІ. І шчыра вам скажу, што часам са здзіўленнем чытаю тое, што некаторыя там ці то блогеры, ці то яшчэ хтосьці папісваюць у дачыненні да Беларусі. Пра шматвектарнасць і гэтак далей. Ужо колькі разоў гаварыў пра гэта, што шматвектарнасць ніяк не аддаляе нас ад Расійскай Федэрацыі.

Так, мы праводзім шматвектарную палітыку, таму што эканоміка ў аснове», — сказаў Лукашэнка сёння, перадае яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, Захад абарваў супрацоўніцтва з ім. Таму ён у межах шматвектарнасці пайшоў на Поўдзень, Паўднёвы Захад і Усход, развівае адносіны з Афрыкай.

«Лёс наш такі, мы размешчаныя ў цэнтры Еўропы, як я часта кажу, суседзі — яны ад бога, іх не выбіраюць, і з суседзямі трэба старацца падтрымліваць добрыя адносіны, што мы і робім. На Захадзе не хочуць з намі такіх адносін, бог з імі — гэта іх справа. Але Расія, з кім бы мы ні гаварылі (з амерыканцамі апошнім часам таксама пра гэта гаварыў), гэта дзяржава заўсёды выносіцца за дужкі, разам з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Гэта людзі, якія заўсёды працягвалі нам руку, падтрымлівалі. Мы будзем тым жа адказваць нашым братам-расіянам, грамадзянам Кітая і іншым на Усходзе», — сказаў ён.

«Наш інтарэс і вектары там, дзе наша эканоміка. Тут не ідзе гаворка пра нашы глыбінныя адносіны, перш за ўсё з вамі, Расійскай Федэрацыяй. Таму балбатня пра гэтую шматвектарнасць і папрокі ў адрас Лукашэнкі абсалютна несумяшчальныя. Потым, я ўжо 30 з лішнім гадоў працую прэзідэнтам. Не мне ўжо мяняць нейкія вектары. Як некаторыя нават ужо дайшлі да таго, што «Лукашэнка — гэта не саюзнік». Ну, гэта справа густу. Пакуль мы (і, думаю, будзе так і далей) знаходзім агульную мову з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. І з Прэзідэнтам Расіі, і з кіраўнікамі вядучых партый. Ніякіх разыходжанняў у падыходах.

Мы — патрыёты, мы гатовыя абараняць сваю Айчыну. І вы павінны ведаць, што адыходу тут ніякага і тым больш здрады няма і быць не павінна. Чым заканчваецца здрада, вы бачыце ва Украіне. Мы не хочам паўтарыць гэты лёс», — дадаў Лукашэнка.

Трэба адзначыць, што Аляксей Рускіх стаў першым расійскім чыноўнікам, з якім Аляксандр Лукашэнка сустракаецца пасля візіту ў Мінск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла і заявы амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа пра падрыхтоўку здзелкі па беларускіх калійных угнаеннях.

Сёння Лукашэнка таксама паспрабаваў упісаць Расію ў свой амерыканскі трэк і меркаваную здзелку. Ён выказаўся за тое, каб з удзелам амерыканцаў і расіян пабудаваць завод азотных угнаенняў, якія будуць пастаўляцца ў ЗША.

«З Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным — заўв. Reform.news) дамовіліся, што «Газпрам» падключыцца ў нас да рэалізацыі праекта па будаўніцтве азотнага камбіната. Трэба амерыканцам прапанаваць. Яны хочуць угнаенні — азотныя ў тым ліку — калі ласка, давайце разам пабудуем. Па вашай тэхналогіі. Вы (ЗША — заўв. Reform.news), «Газпрам» і Беларусь. У нас ужо пляцоўка падабраная, усе сеткі існуюць. Не — будзем з «Газпрамам», расіянамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць», — сказаў ён.

У выніку Лукашэнка перайшоў ужо да супрацоўніцтва з Ульянаўскай вобласцю. У гэтым рэгіёне ён робіць стаўку на завод «Авиастар».

«Вы нас больш падцягвайце да самалётабудавання. База ёсць, школа ёсць. Дапамагайце з тэхналагічным абсталяваннем, мы будзем добрымі вам памочнікамі. Самалёт мы не зробім — вы павінны яго рабіць. А вось патроху падключайце да тых кірункаў, дзе мы можам нешта зрабіць для вас», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, рамонт самалётаў і бронетэхнікі ўжо даўно вядуць у Беларусі, але трэба выходзіць на вытворчасць.

«Але пара ўжо ад рамонту пераходзіць да вытворчасці. І мы многае робім, робім для вас вузлы, камплектуючыя. Гатовыя мадэрнізаваць вытворчасць, паглыбляцца. Мы гатовыя вырабляць з Расіяй — праект ёсць самалёта «Асвей». Мы будзем разам займацца вытворчасцю», — дадаў ён.

У сваю чаргу Рускіх адзначыў, што ўльянаўскі «Авиастар» ужо працуе з беларускімі 558-м Авіяцыйным рамонтным заводам, Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі №407.

«З года ў год вырабляем усё больш самалётаў, і вашы прадпрыемствы, 558-ы, 407-ы ў гэтым плане вельмі дапамагаюць. Вельмі зацікаўленыя, каб гэтае ўзаемадзеянне нарошчвалася з года ў год. Вядома, гэтаму папярэднічала велізарная праца — для таго, каб яны маглі пачаць пастаўкі камплектуючых. Але мы ўсе бар’еры пераадолелі, цяпер кааперацыя толькі павялічваецца», — сказаў губернатар.