Фото: Генпрокуратура
Суд Чэрыкаўскага раёна прызнаў вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве 32-гадовага мужчыну. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама да яго прыменены меры лячэння ад алкагалізму.
Інцыдэнт, які лёг у аснову крымінальнай справы, адбыўся ў Магілёўскім раёне. Як паведамілі ў пракуратуры, мужчына 31 снежня 2025 года “на тэрыторыі суседняй дзяржавы набыў газабалонны пнеўматычны пісталет”. Будучы п’яным, мужчына яшчэ раніцай у транспарце восем разоў стрэліў з пісталета ў свайго калегу, чым прычыніў яму цялесныя пашкоджанні.
Увечары ў Магілёўскім раёне ён страляў па аўтамабілях на паркоўцы з балкона кватэры знаёмага.
“На гэтым абвінавачаны не спыніўся. У кватэры калегі ён стрэліў у нагу яго маці, чым прычыніў жанчыне цялесныя пашкоджанні”, – дадалі ў пракуратуры.
Мужчына прызнаў сваю віну.
Суд задаволіў іскавыя патрабаванні аднаго з пацярпелых аб спагнанні матэрыяльнай шкоды ў памеры 1,3 тыс. рублёў і кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны або апратэставаны.