Савет міністраў пастановай №580 ад 7 лістапада дазволіў музеям і бібліятэкам аказваць платныя паслугі ў сферы культуры паводле ўстаноўленага пераліку, а таксама ў выглядзе продажу сувенірнай прадукцыі. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц з 1 студзеня 2027 года.
Платныя паслугі змогуць аказваць штатныя работнікі музеяў і бібліятэк, якія ўтрымліваюцца за кошт бюджэтных сродкаў.
Пастановай таксама вызначана, што музеі і бібліятэкі пры атрыманні даходу ад асноўнай дзейнасці, які не перавышае 155 тыс. базавых велічынь (6,975 млн рублёў на гэты момант), павінны будуць штоквартальна пералічваць у бюджэты, з якіх яны фінансуюцца, 20% атрыманай сумы пасля выплаты падаткаў.
Астатнія даходы застаюцца ў распараджэнні арганізацый і могуць расходавацца ў наступных суадносінах:
- 40% – на стымулюючыя выплаты работнікам з улікам узносаў у ФСАН,
- 20% – на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Музеі і бібліятэкі таксама могуць за кошт гэтай выручкі павялічваць штат звыш зацверджанай колькасці, калі супрацоўнікі неабходныя для аказання платных паслуг.
Міністэрству культуры даручана рэгуляваць тарыфы на платныя паслугі музеяў і бібліятэк.
У пералік платных паслуг уключаны:
- дэманстрацыя, афармленне экспазіцый і выстаў, публічны паказ музейных прадметаў, навукова-тэхнічных і дапаможных матэрыялаў, правядзенне экскурсій, у тым ліку з выкарыстаннем аўдыягіда, тэхналогій віртуальнай рэальнасці;
- правядзенне кансультацый і экспертыз па атрыбуцыі і ацэнцы прадметаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць (акрамя прадметаў, якія змяшчаюць каштоўныя металы і каштоўныя камяні);
- кансервацыя і рэстаўрацыя музейных прадметаў, навукова-тэхнічных і дапаможных матэрыялаў;
- выраб копій з музейных прадметаў і з дакументаў з музейных фондаў;
- правядзенне культурна-асветніцкай і культурна-адукацыйнай дзейнасці, звязанай з музейнымі прадметамі, навукова-тэхнічнымі і дапаможнымі матэрыяламі;
- выраб праектаў зон аховы для помнікаў археалогіі і помнікаў гісторыі, пашпартоў на матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, навуковых пашпартоў музейных прадметаў;
- арганізацыя выстаў, у тым ліку паводле дагавораў камісіі, даручэння і іншых пасрэдніцкіх дагавораў;
- арганізацыя бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў;
- пошук і выдача дакументаў, індэксаванне дакументаў;
- пошук інфармацыі ў базах даных;
- праслухоўванне аўдыязапісаў, прагляд відэазапісаў з бібліятэчных фондаў;
- складанне бібліяграфічных спісаў і даведак;
- складанне каталогаў кніг, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, рукапісаў, архіўных дакументаў, мастацкіх калекцый;
выраб копій дакументаў з бібліятэчных фондаў, сканаванне, капіраванне і раздрукоўка інфармацыі, дакументаў, пераплёт і ламініраванне дакументаў;
- рамонт і рэстаўрацыя кніг;
- арганізацыя і правядзенне абрадавых мерапрыемстваў, тэатралізаваных святаў, карнавалаў, ранішнікаў, конкурсаў, квэстаў, майстар-класаў, навагодніх ёлак і віктарын, арганізаваных і праведзеных штатнымі работнікамі арганізацыі;
- правядзенне заняткаў, у тым ліку ў студыях, клубах па інтарэсах, гуртках;
- правядзенне семінараў і лекторыяў культуралагічнай накіраванасці, сустрэч з дзеячамі культуры і мастацтва, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, ветэранамі;
- арганізацыя вольнага часу дзяцей у дзіцячым пакоі (гульнявым пакоі).