Скриншот видео
МУС праводзіць праверку ў дачыненні да віцебскага вядучага за выказванні на адрас калегі на карпаратыве. Скарга на мужчыну паступіла ў чат-бот МУС «Мы всегда рядом».
Як заяўляе МУС, 38-гадовы вядучы, выступаючы на карпаратыве ў Віцебскім раёне, «выказаўся на адрас калегі ў непрывабнай форме, у тым ліку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Пры гэтым віцяблянін асуджаў яго ўзаемадзеянне з дзяржарганізацыямі ў прафесійнай дзейнасці».
Прыводзіцца фрагмент запісу выступлення. Мужчына кажа: «Забраніраваў ужо нейкі банк на карпаратыў, то не трэба яго зліваць. **** так? Перадайце яму гэтае відэа ***. Сваім 20-працэнтным прыкарытнікам або колькі там у цябе працэнтаў».
МУС пачало праверку, па выніках якой дзеянням мужчыны дадуць прававую ацэнку. Міліцыя таксама папярэдзіла аб адказнасці, у тым ліку крымінальнай, за «размяшчэнне дзеля хайпу і лайкаў у інтэрнэце публікацый, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ствараюць скажонае ўяўленне грамадскасці пра тое, што адбылося».
Пра інцыдэнт раней паведаміў блогер і вядучы з Віцебска Віталь Савельеў. Ён расказаў у TikTok, што адзначаў з калегамі – вядучымі вяселляў – закрыццё сезона. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі зладзілі «пражарку» – жорстка жартавалі адзін з аднаго. Праз 2 гадзіны пасля выступлення Віталя да яго прыехаў нарад міліцыі і папрасіў даць тлумачэнні з-за жарту на адрас аднаго з калег. У скарзе было пазначана, што Савельеў дапускаў «абразлівыя выказванні палітычнага характару».