Муравейка ў Віцебскай вобласці ўключыць “ваенны менеджмент”

Новы старшыня Віцебскага аблвыканкама Павел Муравейка назваў чатыры задачы, якія бачыць перад сабой на пасадзе. Акрамя забеспячэння дысцыпліны, гэта развіццё рэгіёна, эфектыўнасць укладзеных сродкаў і павышэнне якасці жыцця людзей. Для вырашэння гэтых задач ён будзе ўключаць “ваенны менеджмент”.

Паводле слоў Муравейкі, перад ім стаіць задача забяспечыць устойлівае развіццё рэгіёна і выкананне ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў. Другая задача датычыцца грошай.

“Грошы, якія былі ўкладзеныя ў развіццё Віцебскай вобласці, павінны даць эфект, аддачу. Кожны ўкладзены краінай рубель павінен працаваць”, – сказаў ён, цытуе яго БелТА.

“Трэцяе і, бадай, самае важнае, на што звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, – гэта людзі. Павышэнне якасці жыцця людзей, стварэнне спрыяльных умоў для працоўнай дзейнасці. І беражлівае, трапяткое, паважлівае стаўленне да людзей. У першую чаргу да людзей працы.

І чацвёртае, што з’яўляецца ключавым на фоне першых трох задач, – гэта надаць новы імпульс і забяспечыць жорсткую выканаўчую, працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. Над гэтымі задачамі давядзецца працаваць на пасадзе кіраўніка Віцебскай вобласці”, – працягнуў ён.

Як былы начальнік Генштаба Муравейка заявіў, што будзе выкарыстоўваць падыходы “ваеннага менеджменту”.

“Тут дакладна трэба ўключаць у працу ваенны менеджмент. Задача пастаўленая. Я яе ўразумеў. Цяпер трэба будзе ацаніць абстаноўку. І далей прыняць рашэнне: чаго не хапае і ў якіх напрамках рухацца. Вось такой і будзе на найбліжэйшыя два тыдні мая асноўная задача ў станаўленні на пасадзе”, – заключыў ён.