Игналинская АЭС. Фото: facebook.com/IgnalinosAE
МНС Беларусі паведаміла, што атрымала адказ літоўскага боку на запыт, звязаны з нядаўнім пажарам на тэрыторыі Ігналінскай АЭС.
“Літоўскі рэгулятар у галіне ядзернай бяспекі адказаў на запыт беларускага боку, пацвердзіўшы апублікаваную ў СМІ інфармацыю. Згодна з адказам, пацярпелых у выніку інцыдэнту няма, пагроза радыяцыйнай бяспецы адсутнічае. Работы па вывадзе з эксплуатацыі на Ігналінскай АЭС былі часова прыпыненыя ў зоне выцяжной вентыляцыі, дзе адбылося ўзгаранне”, – паведамілі ў МНС.
Пажар у складскім памяшканні першага блока станцыі, выведзенай з эксплуатацыі, адбыўся 17 лістапада ў 9:34. Ён быў ліквідаваны ў 11:51. Змен радыяцыйнага фону ў раёне станцыі зафіксавана не было. Літоўскі бок, паводле інфармацыі МНС, афіцыйна не паведамляў беларускаму аб інцыдэнце. Тады з боку МНС і Дзяржатамнагляду быў накіраваны запыт.
У МНС таксама паведамілі, што ў прыгранічную зону былі накіраваныя спецыялісты для маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі Браслаўскага раёна.