Міжнародны саюз біятланістаў захаваў адхіленне Беларусі і Расіі

Выканаўчы савет Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) пакінуў без змен статус Федэрацыі біятлона Беларусі і Расійскага саюза біятланістаў. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце па выніках першага пасяджэння выканкама пасля вераснёўскага кангрэса арганізацыі.

“Выканаўчы камітэт атрымаў ад сваёй Маніторынгавай групы абноўленую інфармацыю пра статус адхіленых членаў — Саюза біятланістаў Расіі і Беларускай федэрацыі біятлона. Выканаўчы камітэт прыняў даклад да ведама, і статус членаў не змяніўся”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Выканкам таксама абмеркаваў падрыхтоўку да сезона 2026/27 і змены ў календары спаборніцтваў. Новы сезон Кубка свету пачнецца 26 лістапада ў фінскім Контыялахці. Упершыню спаборніцтвы пройдуць падчас навагодніх святаў: 2 і 3 студзеня 2027 года этап прыме славенская Паклюка. Этап у нямецкім Оберхофе перанесены з пачатку студзеня на 2–7 сакавіка. Чэмпіянат свету па біятлоне пройдзе з 10 па 21 лютага 2027 года ў эстонскім Отэпя.

Таксама ў новым сезоне набудуць моц змены правілаў. У прыватнасці, у мас-стартах змогуць удзельнічаць 20 найлепшых спартсменаў агульнага заліку Кубка свету і 10 найлепшых паводле вынікаў адпаведнага этапу. Акрамя таго, спартсменам будзе дазволена здымаць вінтоўку толькі пры дакрананні да стралковага мата. За парушэнне гэтага правіла прадугледжаная дыскваліфікацыя. У парабіятлоне з’явяцца два новыя фарматы спаборніцтваў: мас-старт і змяшаная эстафета.