Международный уголовный суд. Фото: icc-cpi.int
Бюджэт Міжнароднага крымінальнага суда на 2027 год прадугледжвае фінансаванне расследавання “беларускай сітуацыі”. Пра гэта паведамляюць у Аб’яднаным пераходным кабінеце са спасылкай на дакументы, апублікаваныя на сайце Асамблеі краін — удзельніц Рымскага статута.
Бюджэт прадугледжвае фінансаванне працы Офіса пракурора па расследаванні “беларускай сітуацыі”, ажыццяўленні следчых дзеянняў, якія могуць прывесці да судовых дзеянняў Палаты папярэдняга вядзення, уключаючы рашэнні аб выдачы ордараў на арышт. Для “беларускай сітуацыі” таксама прадугледжана фінансаванне аб’яднанай расследавальніцкай групы і аддзела па працы з ахвярамі і сведкамі.
Прадстаўлены бюджэт яшчэ павінна зацвердзіць асамблея на сваім пасяджэнні, якое пройдзе ў снежні.
«Прадстаўлены бюджэтны дакумент дэманструе планаванне актыўнага расследавання Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суду “беларускай сітуацыі”. Больш за тое, дакумент сігналізуе пра чаканне звязанай з дадзеным расследаваннем судовай дзейнасці на ўзроўні Палаты папярэдняга вядзення, уключаючы вядзенне па патэнцыйных хадайніцтвах пра ордэры на арышт», — заявіў намеснік старшыні АПК Павел Латушка.
«Сімвалічна, што менавіта на гэтым фоне Лукашэнка 16 верасня ажыццявіў чарговы акт прымусовай дэпартацыі групы з 25 палітычных зняволеных і адначасова заяўляе пра планы працягу адпаведных міжнародных злачынстваў.
НАУ і праваабарончыя арганізацыі працягваюць працу па зборы доказаў, іх абагульненні і перадачы ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду. У сваю чаргу Аб’яднаны Пераходны Кабінет і НАУ працягнуць працу па адвакатаванні падтрымкі расследавання “беларускай сітуацыі” іншымі дзяржавамі – удзельніцамі Рымскага статуту», — дадаў ён.