Мірскі замак увайшоў у сусветны топ-100 замкаў і крэпасцяў паводле версіі турыстычнага выдавецтва Worth a Journey

Мірскі замак увайшоў у спіс ста лепшых замкаў і крэпасцяў свету па версіі выдавецтва Worth a Journey (Мюнхен, Германія). У сусветным рэйтынгу «the World’s 100 Best Castles & Fortresses 2026/27» замак заняў 89-е месца, у Еўрапейскім стаў 69-м з 75. У рэйтынгу ён знаходзіцца побач з такімі вядомымі помнікамі, як грэчаскі Акракарынф (88-е месца) і нямецкі Гайдэльбергскі замак (92-е месца).

Гэта адзіны беларускі аб’ект у сусветным топ-100.

Складальнікі рэйтынгу адзначылі архітэктурнае аблічча крэпасці з чырвонай цэглы, якая спалучае рысы готыкі і рэнесансу і ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з 2000 года.

У топ-10 сусветнага рэйтынгу «The World’s 100 Best Castles & Fortresses 2026» увайшлі сем замкаў і крэпасцяў з Еўропы, два з Блізкага Усходу і адзін з Азіі. Узначаліў спіс славацкі Ораўскі Град, на другім месцы – японскі замак Хімэдзі, на трэцім – замак Корвінаў у Румыніі.

Worth a Journey – незалежнае выдавецтва даведнікаў са штаб-кватэрай у Мюнхене (Германія). Яго місія «знаходзіць месцы, якія сапраўды вартыя падарожжа». Ацэнкі фармуюцца на аснове водгукаў наведвальнікаў, якія аналізуюцца з дапамогай моўных мадэляў і дапаўняюцца рэдакцыйнымі выязнымі праверкамі.