Фото: Pexels, pixabay.com
Міністэрства транспарту і камунікацый не плануе ствараць нацыянальнага дыспетчара таксі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры заявіў начальнік Упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі.
Паводле яго слоў, такая тэма сапраўды перыядычна ўзнікае, аднак пазіцыя дзяржорганаў заключаецца ў тым, каб захоўваць канкурэнтнае асяроддзе. Ён адзначыў, што рынак таксі ў Беларусі “бялее”, ёсць празрыстыя правілы гульні. У краіну прыходзяць сур’ёзныя аператары. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што МАРГ ужо надаў адной са службаў статус рынкавай дамінанты і будзе сачыць за цэнаўтварэннем.
“Мы такую задачу перад сабой не ставім — канкрэтна стварыць нацыянальнага дыспетчара, нацыянальнага аператара, які б прымаў усё на сябе і агрэгаваў”, – сказаў ён.
Трэба адзначыць, што з наступнага года ў Беларусі запусцяць адзіны сэрвіс браніравання і продажу білетаў на аўтобусы, ініцыятарам якога з’яўляецца Мінтранс.
Андрэй Гладкі пры гэтым не выключыў, што ў будучыні можа з’явіцца і платформа для таксі, але мэты ў яе будуць у большай ступені фіскальныя.
“Магчыма, з часам, на працягу нейкага часу мы падыдзем да таго, каб усе заказы таксі анлайн апрацоўваліся недзе на нейкай платформе, каб былі бачныя ўсе транспартныя сродкі непасрэдна. Можа быць, гэта на базе транспартнай інспекцыі, дапусцім, каб усе перамяшчэнні таксі былі па ўсёй краіне бачныя. І для таго, каб анлайн-аплата прымалася і адразу, дапусцім, сродкі за аплату паступалі недзе на нейкія (рахункі – заўв.) непасрэдна перавозчыку, альбо адразу ж бачыла ў тым ліку падатковая інспекцыя, як грашовыя патокі рухаюцца. Але, паўтаруся, гэта перспектыва. І на дадзеным этапе мы не плануем стварэнне нацыянальнага дыспетчара”, – патлумачыў ён.