Мінтранс Беларусі прыцягнуў ШІ для кантролю за аплатай праезду па дарогах

У Беларусі 2 лістапада пачалі працаваць дадатковыя сродкі кантролю за аплатай праезду па платных дарогах. Пра гэта паведаміла Міністэрства транспарту і камунікацый.

“Існуючая сістэма кантролю аплаты дапоўнена новым праграмным забеспячэннем на базе тэхналогій штучнага інтэлекту і абсталяваннем відэафіксацыі. Гэта дазваляе ў аўтаматычным рэжыме фіксаваць на платных сегментах аўтадарог транспартныя сродкі карыстальнікаў, якія не зрабілі аплату ва ўстаноўленым парадку”, – гаворыцца ў паведамленні.

У міністэрстве разлічваюць, што новаўвядзенне павысіць дысцыпліну вадзіцеляў, выключыць выпадкі неаплаты праезду.

Распрацоўка рэалізавана сумеснымі намаганнямі адзінага аператара інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінтранса – РВУП «Белдарсувязь», аператара сістэмы электроннага збору і Транспартнай інспекцыі Мінтранса.